Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/127

Гэта старонка не была вычытаная

XXXIII

Першае адчуванне Нехлюдава, на другі дзень, калі ён прачнуўся, было ўсведамленне таго, што з ім нешта здарылася, і раней нават, як ён успомніў, што здарылася, ён ведаў ужо, што здарылася нешта важнае і добрае. „Кацюша, суд“. Так, трэба пакінуць хлусіць і сказаць ўсю праўду. І, як дзіўнае супадзенне, у гэтую самую раніцу прышоў, нарэшце, той даўно чаканы ліст ад Мар‘і Васільеўны, жонкі прадвадзіцеля, той самы ліст, які яму цяпер быў асабліва патрэбен. Яна давала яму поўную свабоду, жадала шчасця ў задуманай ім жаніцьбе.

— Жаніцьба! — прагаварыў ён іранічна. — Як я цяпер далёк ад гэтага!

І ён успомніў свой учарашні намер усё сказаць яе мужу, пакаяцца перад ім і выказаць гатоўнасць здаволіць яго, як ён пажадае. Але сёння раніцою гэта здалося яму не так лёгка, як учора. „І потым, навошта рабіць няшчасным чалавека, калі ён не ведае? Калі ён запытае, дык я скажу яму. Але наўмысля ісці гаварыць яму? Не, гэта непатрэбна“.

Гэтак-жа цяжка здалося сёння раніцою сказаць усю праўду Міссі. Зноў нельга было пачынаць гаварыць, — гэта было-б зняважліва. Няўхільна павінна было аставацца, як і ў шмат якіх жыццёвых адносінах, нешта тое, што падразумявалася. Адно ён парашыў сёння раніцою: ён не будзе ездзіць да іх і скажа праўду, калі запытаюць яго.

Але затое ў адносінах з Кацюшай не павінна было аставацца нічога недамоўленага.

„Паеду ў турму, скажу ёй, буду прасіць яе дараваць мне. І калі трэба, так, калі трэба, ажанюся з ёю“, думаў ён.

Гэта думка аб тым, каб дзеля маральнага задавальнення ахвяраваць усім і ажаніцца з ёю, сёння раніцою асабліва расчуляла яго.

Даўно ён не сустракаў дня з гэткай энергіяй. Аграфене Пятроўне, якая ўвайшла да яго, ён адразу-ж з рашучасцю, якой сам ад сябе не чакаў, заявіў, што яму больш не патрэбна гэтая кватэра і яе паслугі. Маўклівай згодай было ўстаноўлена, што ён трымае гэту вялікую і дарагую ква-