Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

ў яркае шаўковае, агаляючае цела, адзенне; потым выхад у аздобленую, ярка-асветленую залу, прыезд гасцей, музыка, танцы, цукеркі, віно, курэнне і распуста з маладымі, сярэднімі, поўдзецьмі і друзлымі старымі, халастымі, жанатымі, купцамі, прыказчыкамі, армянамі, яўрэямі, татарамі, багатымі, беднымі, здаровымі, хворымі, п‘янымі, цвярозымі, грубымі, ласкавымі, ваеннымі, вольнымі, студэнтамі, гімназістамі — усіх магчымых станаў, узростаў і характараў. І крыкі і жарты, і бойкі і музыка, і тытун і віно, і віно і тытун, і музыка з вечара да раніцы. І толькі раніцой вызваленне і цяжкі сон. І гэтак кожны дзень, увесь тыдзень. А ў канцы тыдня паездка ў дзяржаўную ўстанову — участак, дзе дзяржаўныя чыноўнікі і дактары — мужчыны, часам сур‘ёзна і сурова, а часам з чуллівай вясёласцю, руйнуючы даны ад прыроды для аховы ад злачынства не толькі людзям, але і жывёлам, сорам, аглядалі гэтых жанчын і выдавалі ім патэнт на працягванне тых самых злачынстваў, якія яны рабілі са сваімі супольнікамі на працягу тыдня. І зноў такі тыдзень. І так штодзень, і ўлетку, і зімой, і ў будні, і ў святы.

Так пражыла Маслава сем год. За гэты час яна змяніла два дамы і адзін раз была ў больніцы. На сёмым годзе яе знаходжання ў публічным доме і на восьмым годзе пасля яе першага праграшэння, калі ёй было 26 год, з ёю здарылася тое, за што яе пасадзілі ў турму, і цяпер вялі ў суд, пасля шасці месяцаў знаходжання ў турме з забойцамі і зладзейкамі.


III

У той час, калі Маслава, стомленая доўгім пераходам, падышла са сваімі канвойнымі да будынка акруговага суда, той самы пляменнік яе выхавальніцы, князь Дзмітрый Іванавіч Нехлюдаў, які спакусіў яе, ляжаў яшчэ на сваім высокім, пружынным з пухавай пярынай, памятым ложку і, адшпіліўшы каўнер галандскай, чыстай начной кашулі з выгладжанымі складачкамі на грудзях, курыў папяросу. Ён утаропленымі вачыма пазіраў перад сабою і думаў аб тым, што трэба яму сёння зрабіць і што было ўчора.