— Маё шанаванне, — сказаў пракурор, нахіляючы галаву, відаць жадаючы хутчэй пазбавіцца ад гэтага дзіўнага наведвальніка.
— Хто гэта ў вас быў? — запытаў член суда, услед за выхадам Нехлюдава ўваходзячы ў габінет пракурора.
— Нехлюдаў, ведаеце, які яшчэ ў краснапёрскім павеце, у земстве, розныя дзіўныя заявы рабіў. І ўявіце, ён прысяжны, і ў ліку падсудных апынулася жанчына ці дзяўчына, засуджаная на катаргу, якая, як ён кажа, была ім ашукана, і ён цяпер хоча ажаніцца з ёю.
— Ды не можа быць?
— Гэтак ён мне сказаў… І ў гэткім дзіўным узбуджэнні.
— Нешта ёсць нейкая ненармальнасць ў цяперашніх маладых людзей.
— Але ён ужо не вельмі малады.
— Ну, ужо да чаго надакучыў, баценька, ваш славуты Івашэнкаў. Ён заморвае проста: гаворыць і гаворыць без канца.
— Іх трэба проста спыняць, а то сапраўдныя абструкцыяністы…
XXXVI
Ад пракурора Нехлюдаў паехаў проста ў дом папярэдняга зняволення. Але высветлілася, што ніякай Маславай там не было, і сматрыцель растлумачыў Нехлюдаву, што яна павінна быць у старой перасыльнай турме. Нехлюдаў паехаў туды.
Сапраўды, Кацярына Маслава знаходзілася там. Пракурор забыў, што месяцаў шэсць перад гэтым жандарамі, як відаць, была распачата неймаверна раздутая палітычная справа, і ўсе месцы дома папярэдняга зняволення былі захоплены студэнтамі, урачамі, рабочымі, курсісткамі і фельчарыцамі.
Адлегласць ад дома папярэдняга зняволення да перасыльнага замка была вялізная, і прыехаў Нехлюдаў у замак ужо толькі пад вечар. Ён хацеў падыйсці да дзвярэй вялізнага панурага будынка, але вартавы не падпусціў яго,