а толькі пазваніў. На званок вышаў надзірацель. Нехлюдаў паказаў свой пропуск, але надзірацель сказаў, што без сматрыцеля ён не можа пусціць. Нехлюдаў накіраваўся да сматрыцеля. Яшчэ падымаючыся па сходнях, Нехлюдаў чуў з-за дзвярэй гукі нейкай складанай бравурнай п‘есы, якая разыгрывалася на фартэп‘яна. Калі-ж яму адчыніла дзверы сярдзітая пакаёўка з завязаным вокам, гукі гэтыя нібы вырваліся з пакоя і здзівілі яго слух. Гэта была рапсодыя Ліста, якая яму надакучыла. Ігралі яе цудоўна, але толькі да аднаго месца. Калі даходзіла да гэтага месца, то паўтаралася зноў тое самае. Нехлюдаў запытаў павязаную пакаёўку, ці дома сматрыцель.
Пакаёўка сказала, што не.
— Ці скора будзе?
Рапсодыя зноў спынілася і зноў з бляскам і шумам паўтарылася да зачараванага месца.
— Я пайду запытаю.
І пакаёўка вышла.
Рапсодыя толькі зноў разагналася, як раптам, не даходзячы да зачараванага месца, абарвалася, і пачуўся голас:
— Скажы яму, што няма і сёння не будзе. Ён у гасцях, чаго прыстаюць, — пачуўся жаночы голас з-за дзвярэй, і зноў пачулася рапсодыя, але зноў спынілася, і пачуўся гук ад перасоўвання крэсла. Відаць, раззлаваная піяністка сама хацела зрабіць вымову назольнаму наведвальніку за прыход не ў вызначаны час.
— Татулі няма, — сярдзіта сказала, выходзячы, з ускудлачанымі валасамі, мізэрнага выгляду, бледная дзяўчына з сінякамі пад панурымі вачыма. Убачыўшы маладога чалавека ў добрым паліто, яна змякчылася. — Уваходзьце, калі ласка… Вам чаго трэба?
— Мне ў астрозе бачыць зняволеную.
— Напэўна палітычную?
— Не, не палітычную. У мяне дазвол ад пракурора.
— Ну, я не ведаю, татулі няма. Вы заходзьце, калі ласка, — зноў паклікала яна яго з маленькага прадпакоя. — А то звярніцеся да памочніка, ён цяпер у канторы, з ім пагаварыце. Ваша як прозвішча?