Калі Кацюша даведалася пра гэта, яна надумалася пайсці на станцыю, каб пабачыць яго. Поезд праходзіў уначы, у 2 гадзіны. Кацюша паклала спаць паненак і, падгаварыўшы з сабой дзяўчынку, кухаркіну дачку Машку, абула старыя чаравікі, накрылася хусткай, падабралася і пабегла на станцыю.
Была цёмная асенняя, дажджлівая, ветраная ноч. Дождж то пачынаў хлёстаць цёплымі буйнымі кроплямі, то спыняўся. У полі, пад нагамі, не было відаць дарогі, а ў лесе было чорна, як ў печы, і Кацюша, хаця і ведала добра дарогу, збілася з яе ў лесе і дайшла да маленькай станцыі, на якой поезд стаяў тры мінуты, не загадзя, як яна спадзявалася, а пасля другога званка. Выбегшы на платформу, Кацюша адразу-ж у акне вагона першага класа ўбачыла яго. У вагоне гэтым было асабліва яркае святло. На аксамітных крэслах сядзелі адзін супроць аднаго два афіцэры і гулялі ў карты. На століку каля акна гарэлі, аплываючы, тоўстыя свечы. Ён у абцягненых райтузах і белай кашулі сядзеў на ручцы крэсла, аблакаціўшыся на яго спінку, і чамусьці смяяўся. Як толькі яна спазнала яго, яна стукнула ў акно пазябшай рукой. Але ў гэты самы час ударыў трэці званок, і поезд паціху крануўся, спачатку назад, а потым адзін за адным пачалі пасоўвацца ўперад штуршкамі скранутыя вагоны. Адзін з ігракоў устаў з картамі ў руках і пачаў пазіраць у акно. Яна стукнула яшчэ раз і прыклала твар да шыбы. У гэты час рвануўся і той вагон, каля якога яна стаяла, і пайшоў. Яна пайшла побач, гледзячы ў акно. Афіцэр хацеў апусціць акно, але ніяк не мог. Нехлюдаў устаў і, адштурхнуўшы афіцэра, пачаў апускаць. Поезд паскорыў ход. Яна ішла хуткай хадой, не адстаючы, але поезд усё паскараў і паскараў ход. Акно апусцілася. У гэты час кандуктар адштурхнуў яе і ўскочыў у вагон. Кацюша адстала, але ўсё бегла па мокрых дошках платформы; потым платформа кончылася, і яна ледзь утрымалася, каб не ўпасці, збягаючы па сходнях на зямлю. Яна бегла, але вагон першага класа быў ужо далёка ўперадзе. Міма яе беглі вагоны II-га класа, потым яшчэ хутчэй пабеглі вагоны III-га класа, але яна ўсё-такі бегла. Калі прабег апошні вагон з ліхтаром, яна