ся і напіраючы адна на адну, пачалі станавіцца. Услед за жанчынамі ўвайшлі ў шэрых халатах перасыльныя, арыштанты, якія адседжвалі свой тэрмін і былі высланы па прыгаварах сельскіх сходаў, і, гучна адкашліваючыся, сталі шчыльным натоўпам налева і пасярэдзіне царквы. Зверху-ж, на хорах, ужо стаялі прыгнаныя раней — з аднаго боку, з паголенымі поўгаловамі, катаржныя, якія выдавалі сваю прысутнасць бразгатам кайданоў, з другога — не паголеныя і не закутыя, падследчыя.
Астрожная царква была ўноў пабудавана і абсталявана багатым купцом, які даў на гэту справу некалькі дзесяткаў тысяч рублёў, і ўся зіхацела яркімі фарбамі і золатам.
Некаторы час у царкве было маўчанне, і чуліся толькі смарканне, адкашліванне, крык малых дзяцей і зрэдку звон ланцугоў. Але вось арыштанты, што стаялі пасярэдзіне, шарахнуліся, паціснуліся адзін да аднаго, ачышчаючы дарогу пасярэдзіне, і па дарозе гэтай прайшоў сматрыцель, і стаў уперадзе ўсіх, пасярод царквы.
XXXIX
Пачалася царкоўная служба.
Царкоўная служба складалася з таго, што свяшчэннік апрануўся ў асабліва дзіўнае і вельмі нязручнае парчовае адзенне, выразаў і раскладаў кавалкі хлеба на сподак і потым клаў іх у чашу з віном, вымаўляючы пры гэтым розныя імёны і малітвы. Дзячок-жа, тым часам, не перастаючы спачатку чытаў, а потым спяваў уперамешку з арыштанцкім хорам розныя славянскія, самі па сабе мала зразумелыя, а яшчэ меней ад хуткага чытання і спяваў зразумелыя, малітвы. Змест малітваў складаўся, пераважна, у жаданні шчасця гасудару імператару і яго сям‘і. Пра гэта гаварыліся малітвы шмат разоў, разам з іншымі малітвамі і асобна, на каленях. Апрача таго, дзячок прачытаў некалькі сціхоў з дзеянняў апосталаў такім дзіўным, напружаным голасам, што нічога нельга было зразумець, і свяшчэннік вельмі выразна прачытаў месца з евангелля Марка, у якім сказана было, як Хрыстос, уваскросшы, перш чым паляцець на неба і сесці права-