памінанне, за „часы“, за малебен просты і за малебен з акафістам, за ўсё ёсць пэўная цана, якую сапраўдныя хрысціяне ахвотна плацяць, і таму выкрыкваў сваё: „помилось, помилось“, і спяваў, і чытаў, што вызначана, з гэткай-жа спакойнай упэўненасцю ў неабходнасці гэтага, з якой людзі прадаюць дровы, муку, бульбу. Начальнік-жа турмы і надзірацелі, хаця ніколі і не ведалі і не ўдаваліся ў тое, з чаго складаюцца догматы гэтай веры, і што значыць усё тое, што рабілася ў царкве, верылі, што абавязкова трэба верыць у гэту веру, таму што вышэйшае начальства і сам цар вераць у яе. Апрача таго, хаця і цмяна (яны ніяк не здолелі-б растлумачыць, як гэта робіцца), яны адчувалі, што гэта вера апраўдвала іхнюю жорсткую службу. Калі-б не было гэтай веры, ім не толькі цяжэй, але, напэўна, і немагчыма было-б усе свае сілы аддаваць на тое, каб мучыць людзей, як яны гэта цяпер рабілі з зусім спакойным сумленнем. Сматрыцель быў такой добрай душы чалавек, што ён ніяк не мог-бы жыць так, калі-б не знаходзіў падтрымання ў гэтай веры. І таму ён стаяў нерухома, проста, старанна кланяўся і хрысціўся, стараўся расчуліцца, калі спявалі „Иже херувимы“, а калі пачалі прычашчаць дзяцей, вышаў уперад і падняў на рукі хлопчыка, якога прычашчалі, і падтрымаў яго.
Большасць-жа арыштантаў, за выключэннем некаторых з іх, тых, што ясна бачылі ўсё ашуканства, якое рабілася над людзьмі гэтай веры, і ў душы смяяліся з яе, большасць верыла, што ў гэтых пазалочаных абразах, свечах, чашах, рызах, крыжах, паўтарэннях незразумелых словаў: „Иисусе сладчайший“ і „помилось“, знаходзіцца таемная сіла, з дапамогай якой можна набываць вялікія выгоды ў гэтым і ў будучым жыцці. Хаця большасць з іх, прарабіўшы некалькі спробаў набыць выгоды ў гэтым жыцці з дапамогай малітваў, малебнаў, свечак, і не атрымала іх — малітвы іхнія асталіся нявыкананымі, — кожны быў цвёрда ўпэўнены, што гэта няўдача выпадковая, і што гэта ўстанова, ухваленая вучонымі людзьмі і мітрапалітамі, ёсць установа вельмі значная, і якая неабходна калі не для гэтага, то для будучага жыцця.