Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/152

Гэта старонка не была вычытаная

Гэтак-жа верыла і Маслава. Яна, як і іншыя, адчувала ў часе богаслужэння змешанае адчуванне пашаны і суму. Яна стаяла спачатку пасярэдзіне натоўпу за пераборкай і не магла бачыць нікога, апрача сваіх таварышак; калі-ж прычасніцы рушылі ўперад, і яна высунулася разам з Фядос‘яй, яна ўбачыла сматрыцеля, а за сматрыцелем і паміж надзірацелямі мужычка з светлабелай бародкай і русымі валасамі, — Фядос‘інага мужа, які нерухомымі вачыма пазіраў на жонку, — Маслава ў часе акафіста занялася разгляданнем яго і перашэптваннем з Фядос‘яй і хрысцілася і кланялася толькі, калі ўсе гэта рабілі.


XLI

Нехлюдаў рана выехаў з дому. Па завулку яшчэ ехаў вясковы мужык і незвычайным голасам крычаў:

— Малака, малака, малака!

Напярэдадні быў першы цёплы вясновы дождж. Усюды, дзе не было бруку, раптам зазелянела трава; бярозы ў садах асыпаліся зялёным пухам, і чарэмха і таполі выпроствалі свае даўгія пахучыя лісты, а ў дамах і магазінах вымалі і выціралі рамы. На рынку, міма якога давялося праязджаць Нехлюдаву, кішэў каля пастаўленых у рад палатак густы натоўп народу, і хадзілі абадраныя людзі з ботамі падпахай і перакінутымі цераз плячо выпрасаванымі панталонамі і камізэлькамі.

Каля тракціраў ужо цясніліся, вызваліўшыся з сваіх фабрык, мужчыны ў чыстых паддзёўках і глянсаваных ботах і жанчыны ў шаўковых яркіх хустках на галовах і паліто з сцяклярусам. Гарадавыя з жоўтымі шнуркамі пісталетаў стаялі на месцах, выглядаючы непарадкі, якія маглі-б ім даць збаўленне ад цяжкой нудоты. Па дарожках бульвараў і па зялёнаму газону, які толькі што афарбавалі, бегалі, гуляючы, дзеці і сабакі, і вясёлыя нянькі перагаварваліся паміж сабой, седзячы на лавах.

Па вуліцах, халаднаватых і вільготных яшчэ з левага боку, у цяні, і высахлых пасярэдзіне, няспынна грымелі па бруку важкія вазы ламавых, тарахцелі пралёткі і звінелі