конкі. З усіх бакоў дрыжэла паветра ад рознастайнага гулу званоў, якія заклікалі народ прысутнічаць на гэткім-жа богаслужэнні, якое адбывалася цяпер у турме. І прыбраны народ разыходзіўся кожны па свайму прыходу.
Рамізнік падвёз Нехлюдава не да самай турмы, а да павароту, што вёў да турмы.
Некалькі чалавек мужчын і жанчын, у большасці з вузельчыкамі, стаялі тут на гэтым павароце да турмы, крокаў за сотню ад яе. Направа былі невысокія драўляныя будынкі, налева двухпавярховы дом з нейкай шыльдай. Сам велізарны каменны будынак турмы быў уперадзе, і да яго не падпускалі наведвальнікаў. Вартавы салдат са стрэльбаў хадзіў узад і ўперад, строга крычаў на тых, якія хацелі абыйсці яго.
Каля форткі драўляных будынкаў, з правага боку, супроць вартавога сядзеў на лавачцы надзірацель у мундзіры з галунамі, з запісной кніжкай. Да яго падыходзілі наведвальнікі і называлі тых, каго жадалі бачыць, і ён запісваў. Нехлюдаў таксама падышоў да яго і назваў Кацярыну Маславу. Надзірацель з галунамі запісаў.
— Чаму не пускаюць яшчэ? — запытаў Нехлюдаў.
— Абедня ідзе. Вось скончыцца абедня, тады пусцяць.
—Нехлюдаў адышоў да тых, што чакалі. З патоўпу вылучыўся ў абшарпаным адзенні і памнутым капелюшы, у апорках на босую нагу чалавек з чырвонымі палосамі на ўвесь твар і накіраваўся да турмы.
— Ты куды лезеш? — крыкнуў на яго салдат са стрэльбай.
— А ты чаго глотку дзярэш? — зусім не спалохаўшыся крыку вартавога адказаў абадранец і вярнуўся назад. — Не пускаеш — пачакаю. А то крычыць, нібы енерал.
У натоўпе спагадліва засмяяліся. Наведвальнікі былі ў дрэнным адзенні, нават абадраныя, але былі і прыстойныя на вонкавы выгляд і мужчыны і жанчыны. Побач з Нехлюдавым стаяў у добрай вопратцы, увесь паголены, гладкі румяны чалавек з вузялком, відаць бялізны, у руцэ. Нехлюдаў запытаў яго, ці першы раз ён тут. Чалавек з вузялком адказаў, што ён кожную нядзелю бы-