Можна было толькі па тварах здагадвацца аб тым, што гаварылася і якія адносіны былі паміж размоўнікамі. Бліжэй да Нехлюдава была бабулька ў хусцінцы, якая, прыціснуўшыся да сеткі, дрыжучы падбародкам, крычала нешта бледнаму маладому чалавеку з паголенай паловай галавы. Арыштант, падняўшы бровы і змаршчыніўшы лоб, уважліва слухаў яе. Побач з бабулькай быў малады чалавек у паддзёўцы, які слухаў, ківаючы галавой, тое, што яму гаварыў падобны да яго арыштант са змучаным тварам і сіваватай барадой. Яшчэ далей стаяў абарванец і, махаючы рукой, нешта крычаў і смяяўся. А побач з ім сядзела на падлозе жанчына з дзіцём, у добрай шарсцянай хустцы, і рыдала, відаць, першы раз пабачыўшы таго сівага чалавека, які быў на другім баку ў арыштанцкай куртачцы, з паголенай галавой і ў кайданах. Над гэтай-жа жанчынай швейцар, з якім гаварыў Нехлюдаў, крычаў з усяе сілы лысаму з бліскучымі вачыма арыштанту на тым баку. Калі Нехлюдаў зразумеў, што ён павінен будзе гаварыць у гэткіх умовах, у ім узнялося пачуццё абурэння супроць тых людзей, якія маглі гэта зрабіць і захоўваць. Для яго дзіўна было, што гэткае жахлівае становішча, гэткае здзекванне над пачуццямі людзей нікога не зневажала. І салдаты, і сматрыцель, і наведвальнікі, і зняволеныя рабілі ўсё гэта так, нібы прызнаючы, што гэта так і павінна быць.
Нехлюдаў прабыў у гэтым пакоі мінут пяць, перажываючы нейкае дзіўнае пачуццё суму, разумення свайго бяссілля і разладу з усім светам; пачуццё маральнай моташнасці, падобнае да качкі на караблі, ахапіла яго.
XLII
„Аднак, трэба рабіць тое, дзеля чаго прышоў, — сказаў ён, падбадзёрваючы сябе. — Як-жа быць?“
Ён пачаў шукаць вачыма начальства і, убачыўшы невысокага, худога чалавека з вусамі, у афіцэрскіх пагонах, які хадзіў ззаду народу, звярнуўся да яго:
— Ці не можаце вы, міласлівы пане, мне сказаць, — ска-