заў ён з асабліва напружанай далікатнасцю, — дзе знаходзяцца жанчыны і дзе спатканні з імі дазваляюцца?
— Вам хіба ў жаночую трэба?
— Але, я-б жадаў бачыць адну жанчыну з зняволеных, — з той-жа напружанай далікатнасцю адказаў Нехлюдаў.
— Дык вы-б гэтак гаварылі, калі ў зборнай былі. Вам каго-ж трэба бачыць?
— Мне трэба бачыць Кацярыну Маславу.
— Яна палітычная? — запытаў памочнік сматрыцеля.
— Не, яна проста…
— Яна, што-ж, прысуджаная?
— Але, пазаўчора яна была прысуджана, — пакорліва адказаў Нехлюдаў, баючыся як-небудзь папсаваць настрой сматрыцеля, які як быццам спачуваў яму.
— Калі ў жаночую, дык сюды, калі ласка, — сказаў сматрыцель, напэўна вырашыўшы па выгляду Нехлюдава, што ён варты ўвагі. — Сідараў, — звярнуўся ён да вусатага унтэр-афіцэра з медалямі, — праводзь вось іх у жаночую.
— Слухаю-с.
У гэты час каля кратаў пачуліся нейчыя рыданні, поўныя роспачы.
Усё было дзіўна для Нехлюдава, і дзіўней за ўсё тое, што яму даводзілася дзякаваць і адчуваць сябе абавязаным перад сматрыцелем і старшым надзірацелем, перад людзьмі, якія рабілі ўсе тыя жорсткія справы, што рабіліся ў гэтым доме.
Надзірацель вывеў Нехлюдава з пакоя для наведвальнікаў мужчынскага аддзялення ў калідор і адразу-ж, адчыніўшы дзверы насупраць, прывёў яго ў жаночы пакой для спатканняў.
Пакой гэты, таксама як і мужчынскі, быў падзелены на тры часткі двума сеткамі, але ён быў значна меншы, і ў ім было менш наведвальнікаў і зняволеных, але крык і гул быў такі самы, які ў мужчынскім. Таксама паміж сеткамі хадзіла начальства. Начальства тут прадстаўляла надзірацельніца ў мундзіры з галунамі на рукавах і сінімі аблямоўкамі і гэткім самым поясам, як у надзірацеляў. І таксама, як у мужчынскім, з абодвух бакоў наліпалі да сетак людзі: