XLIII
Маслава азірнулася і, падняўшы галаву і проста выстаўляючы грудзі, з сваім, знаёмым Нехлюдаву выглядам гатоўнасці, падышла да кратаў, праціскаючыся паміж двума арыштанткамі, і здзіўлена-запытальна ўставілася на Нехлюдава, не пазнаючы яго.
Прызнаўшы, аднак, па адзенню ў ім багатага чалавека, і яна ўсміхнулася.
— Вы да мяне? — сказала яна з усмешкай, набліжаючы да рашоткі свой твар з касаватымі вачыма.
— Я хацеў бачыць… — Нехлюдаў не ведаў, як сказаць: „вас“ або „цябе“, і парашыў сказаць „вас“ . Ён гаварыў не галасней звычайнага…
— Я хацеў бачыць вас… я…
— Ты мне зубы не загаварвай, — крычаў каля яго абадранец. — Брала ці не брала?
— Кажу-ж табе, памірае, чаго-ж яшчэ? — крычаў нехта з другога боку.
Маслава не магла пачуць таго, што гаварыў Нехлюдаў, але выраз яго твара ў той час, як ён ёй гаварыў, раптам напомніў ёй яго. Але яна не паверыла сабе. Усмешка, аднак, сышла з яе твара, і лоб пачаў пакутліва моршчыцца.
— Не чуваць, што гаворыце, пракрычала яна, жмурачыся і ўсё больш і больш моршчачы лоб.
— Я прышоў…
„Так, я раблю тое, што трэба, я каюся“, падумаў Нехлюдаў. І толькі што ён падумаў гэта, слёзы выступілі яму на вочы, падступілі да горла, і ён, зачапіўшыся пальцамі за краты, замаўчаў, стрымліваючы сябе, каб не разрыдацца.
— Я кажу: навошта лезеш, куды не трэба… — крычалі з аднаго боку.
— Вер ты богу, ведаць не ведаю, — крычала арыштантка з другога боку.
Убачыўшы яго хваляванне, Маслава пазнала яго.
— Падобна, ды не пазнаю, — закрычала яна, не гледзячы на яго, і пачырванелы раптам твар яе зрабіўся яшчэ больш панурым.