Пераважна здзіўляла яго тое, што Маслава не толькі не саромілася свайго становішча — не арыштанткі (гэтага яна саромілася), а свайго становішча прастытуткі, — але нібы нават была здаволена, амаль ганарылася ім. А тым часам гэта і не магло быць іначай. Кожнаму чалавеку для таго, каб дзейнічаць, неабходна лічыць сваю дзейнасць важнай і добрай. І таму, якое-б ні было становішча чалавека, ён абавязкова складзе сабе гэткі погляд на людское жыццё наогул, пры якім яго дзейнасць будзе здавацца яму важнай і добрай.
Звычайна думаюць, што злодзей, забойца, шпіён, прастыстутка, прызнаючы сваю прафесію благой, павінны сароміцца яе. Робіцца-ж зусім адваротнае. Людзі, лёсам і сваімі грахамі-памылкамі, пастаўленыя ў пэўнае становішча, як-бы яно ні было няправільна, складаюць сабе гэткі погляд на жыццё наогул, пры якім іхняе становішча ўяўляецца ім добрым і ўважным. Для падтрымання-ж гэткага погляду людзі інстынктыўна трымаюцца таго кола людзей, у якім прызнаецца складзенае імі аб жыцці і аб сваім у ім месцы паняцце. Нас гэта здзіўляе, калі справа датычыцца зладзеяў, якія хваляцца сваёй спрытнасцю, прастытутак — сваёй распуснасцю, забойцаў — сваёй жорсткасцю. Але здзіўляе гэта нас толькі таму, што кола-атмасфера гэтых людзей абмежавана і, галоўнае, што мы знаходзімся па-за ёй; але хіба не тая самая з‘ява адбываецца сярод багачоў, якія хваляцца сваім багаццем, г. зн. рабаўніцтвам, ваенна-начальнікаў, якія хваляцца сваімі перамогамі, г. зн. забойствам, уладароў, якія хваляцца сваёй магутнасцю, г. зн. гвалтаўніцтвам. Мы не бачым у гэтых людзях скажонага паняцця аб жыцці, аб дабры і зле для апраўдання свайго становішча толькі таму, што кола людзей з гэткімі скажонымі паняццямі большае, і мы самі належым да яго.
І такі погляд на сваё жыццё і сваё месца ў свеце склаўся ў Маславай. Яна была прастытутка, засуджаная на катаргу, і, не гледзячы на гэта, яна склала сабе такі светапогляд, пры якім магла ўхваліць сябе і нават ганарыцца перад людзьмі сваім становішчам.
Светапогляд гэты быў у тым, што галоўнае шчасце