цяжка гэта. Усё-адно само сабой усё зменіцца, калі вызваляць або сашлюць яе, і я паеду за ёю“.
У прызначаны адвакатам Фанарыным дзень Нехлюдаў прыехаў да яго. Увайшоўшы ў яго раскошную кватэру ўласнага дома з вялізнымі раслінамі і дзіўнымі фіранкамі на вокнах і наогул з тым дарагім абсталяваннем, што сведчыць аб дурашных, г. зн. лёгка нажытых грошах, якое бывае толькі ў нечакана разбагацеўшых людзей, Нехлюдаў застаў у прыймовым пакоі чаргу прасіцеляў, як у дактароў. Яны панура сядзелі каля сталоў з ілюстраванымі часопісамі, якія павінны былі ўцяшаць іх. Памочнік адваката, які сядзеў тут-жа, каля высокай канторкі, пазнаўшы Нехлюдава, падышоў да яго, паздароўкаўся і сказаў, што ён зараз скажа прынцыпалу. Але не паспеў памочнік падыйсці да дзвярэй у габінет, як яны самі адчыніліся, і пачуліся гучныя, ажыўленыя галасы немаладога прысадзістага чалавека, з чырвоным тварам і з густымі вусамі, у зусім новым адзенні, і самога Фанарына. На абодвух тварах быў той выраз, які бывае на тварах людзей, якія толькі што зрабілі выгадную, але не зусім добрую справу.
— Самі вінаваты, бацюхна, — усміхаючыся, гаварыў Фанарын.
— І рад-бы ў рай, ды грахі не пушчаюць.
— Ну, ну, мы ведаем.
І абодва ненатуральна засмяяліся.
— А, князь, калі ласка, — сказаў Фанарын, убачыўшы Нехлюдава, і, кіўнуўшы яшчэ раз на развітанне купцу, павёў Нехлюдава ў свой, суровага стылю, дзелавы габінет. — Калі ласка, курыце, — сказаў адвакат, сядаючы супроць Нехлюдава і стрымліваючы ўсмешку, выкліканую поспехам папярэдняй справы.
— Дзякую, я аб справе Маславай.
— Але, але, зараз. У, якія шэльмы гэтыя тоўстасумы! — сказаў ён. — Бачылі гэтага малайца? У яго мільёнаў 12 капітала. А гаворыць: пушчае. Ну, а калі толькі можа выцягнуць у вас дваццаціпяцірублёвы білет — зубамі вырве.
„Ён гаворыць „пушчае“, а ты гаворыш „дваццаціпяцірублёвы білет“, думаў тым часам Нехлюдаў, адчуваючы не-