людаў лічыў, што ён не мае права, каб нават і хацеў гэтага, зрабіць прапанову Карчагінай.
На стале акурат ляжаў ліст ад мужа гэтай жанчыны. Убачыўшы гэты почырк і штэмпель, Нехлюдаў пачырванеў і адразу-ж адчуў той уздым энергіі, які ён заўсёды адчуваў у часе набліжэння небяспекі. Але хваляванне яго было дарэмным: муж, прадвадзіцель дваранства таго самага павета, у якім былі галоўныя маёнткі Нехлюдава, апавяшчаў Нехлюдава аб тым, што ў канцы мая прызначаецца экстраны земскі сход, і што ён просіць Нехлюдава абавязкова прыехаць і donner un coup d’èpaule[1] у наступных важных пытаннях на земскім сходзе аб школах і пад‘язных шляхах, пры якіх чакалася моцнае процідзеянне рэакцыйнай партыі.
Прадвадзіцель быў ліберальны чалавек, і ён разам з некаторымі аднадумцамі змагаўся супроць рэакцыі, якая пачалася пры Александры III, і ўвесь быў захоплены гэтым змаганнем і нічога не ведаў аб сваім няшчасным сямейным жыцці.
Нехлюдаў успомніў усе тыя балючыя мінуты, якія перажываў ён у дачыненні да гэтага чалавека, успомніў, як аднойчы ён думаў, што муж даведаўся, і рыхтаваўся да дуэлі з ім, у якой ён збіраўся стрэліць у паветра, і аб той страшнай сцэне з ёю, калі, яна ў роспачы выбегла ў сад да пруда з намерам утапіцца, і ён бегаў шукаць яе. „Не магу я цяпер ехаць і не магу нічога пачынаць, пакуль яна не адкажа мне“, падумаў Нехлюдаў. Ён за тыдзень перад гэтым напісаў да яе рашучы ліст, у якім прызнаваў сябе вінаватым, гатовым на ўсё, абы толькі загладзіць сваю віну, але лічыў усё-такі, для яе шчасця, іхнюю сувязь назаўсёды парванай. Вось на гэты ліст ён чакаў і не атрымліваў адказу. Тое, што не было адказу, было часткова добраю адзнакаю. Калі-б яна не згадзілася на разрыў, яна даўно-б напісала або нават сама прыехала, як яна рабіла гэта раней. Нехлюдаў чуў, што там быў цяпер нейкі афіцэр, які заляцаўся да яе, і гэта мучыла яго рэўнасцю і разам з тым радавала надзеяй на вызваленне ад маны, што апанавала яго.
- ↑ Падтрымаць.