— Я некаторых ведаю.
— Ды і хутчэй, а то яны ўсе паедуць гемароі лячыць, і тады тры месяцы трэба чакаць… Ну, а ў выпадку няўдачы астаецца прашэнне на высачайшае імя. Гэта таксама залежыць ад закуліснай работы. І ў гэтым выпадку гатовы служыць, г. зн. не ў закуліснай, а ў складанні прашэння.
— Дзякую вам, ганарар, значыцца…
— Памочнік перадасць вам белавую скаргу і скажа.
— Яшчэ я хацеў запытаць вас: пракурор даў мне пропуск у турму да гэтай асобы, а ў турме мне сказалі, што патрэбен яшчэ дазвол губернатара для спаткання апроч дамоўленых дзён і месца. Ці патрэбна гэта?
— Але, я думаю. Але цяпер губернатара няма, кіруе пасадай віц. Толькі гэта такі драмучы дурань, што вы з ім наўрад ці што зробіце.
— Гэта Масленнікаў?..
— Але.
— Я ведаю яго, — сказаў Нехлюдаў і ўстаў, каб пайсці.
У гэты час у пакой уляцела хуткім крокам маленькая, вельмі непрыгожая, кірпатая, кастлявая, жоўтая жанчына — жонка адваката, якая, відаць, зусім не брала на ўвагу сваю непрыгожасць. Яна не толькі была надзвычайна арыгінальна адзета, — нешта было на ёй накручана і аксамітнае, і шоўкавае, і яркажоўтае, і зялёнае, — але і рэдкія валасы яе былі падвіты, і яна пераможна ўляцела ў прыймовы пакой. З ёю разам ішоў доўгі чалавек з усмешкай і земляным колерам твара, у сурдуце з шаўковымі адваротамі і белым гальштуку. Гэта быў пісьменнік; яго ведаў у твар Нехлюдаў.
— Анатоль, — вымавіла яна, адчыняючы дзверы, — хадзем да мяне. Вось Сямён Іванавіч абяцае прачытаць свой верш, а ты павінен чытаць пра Гаршына абавязкова.
Нехлюдаў хацеў пайсці, але жонка адваката пашапталася з мужам і адразу-ж звярнулася да яго.
— Калі ласка, князь, — я вас ведаю і лічу залішнім прадстаўляцца, — наведайце нашу літаратурную раніцу. Вельмі будзе цікава. Анатоль чароўна чытае.
— Бачыце, колькі ў мяне рознастайных спраў, — сказаў Анатоль, разводзячы рукамі, усміхаючыся і паказваючы на