насці. Лёгкія, напружваючы кажух, дыхаюць марозным паветрам, на твар сыплецца з зачэпленых дугой галін снег, целу цёпла, твару свежа, на душы ні турбот, ні дакораў, ні страхаў, ні жаданняў. Як было хораша. А цяпер? Божа мой, як усё гэта было пакутліва і цяжка!..
Як відаць, Вера Ефрэмаўна была рэволюцыянерка і цяпер за рэволюцыйныя справы была ў турме. Трэба было пабачыць яе, асабліва таму, што яна абяцала параіць, як палепшыць становішча Маславай.
L
Прачнуўшыся на другі дзень уранні, Нехлюдаў успомніў усё тое, што было напярэдадні, і яму зрабілася страшна.
Але, не гледзячы на гэты страх, ён больш, чым калі-небудзь раней, рашыў, што будзе працягваць пачатае. З гэтым адчуваннем разумення свайго абавязку ён паехаў з дому да Масленнікава — прасіць яго дазволіць яму наведваць у турме, апрача Маславай яшчэ і тую бабульку Меншову з сынам, пра якую Маслава прасіла яго. Апрача таго ён хацеў прасіць аб спатканні з Богадухоўскай, якая магла быць карыснай Маславай.
Нехлюдаў ведаў Масленнікава яшчэ даўно па палку. Масленнікаў быў тады палкавым скарбнікам. Гэта быў добрадушнейшы і спраўнейшы афіцэр, які нічога не ведаў і не хацеў ведаць на свеце, апрача палка і царскай фаміліі. Цяпер Нехлюдаў застаў яго адміністратарам. Масленнікаў замяніў полк губерняй і губернскім кіраўніцтвам. Ён ажаніўся з багатай і жвавай жанчынай, якая і прымусіла яго перайсці з вайсковай на штацкую службу.
Яна смяялася з яго і песціла яго, як сваю прывучаную жывёлу. Нехлюдаў мінулай зімой быў аднаго разу ў іх, але яму гэткай нецікавай здалася гэтая пара, што ні разу і пасля ён не быў.
Масленнікаў увесь зазіхацеў, убачыўшы Нехлюдава. Гэткі-ж быў тлусты і чырвоны твар, і тая самая карпуленцыя, і гэткая-ж, як на вайсковай службе, добрая вопратка. Там гэта быў заўсёды чысты мундзір ці тужурка, якая па