у шэрым калянкоравым фартуху, паджылы, пануры, паголены з бакенбардамі лёкай.
— Калі ласка, пашліце па рамізніка.
— Слухаю.
— Ды скажыце — тут чакаюць ад Карчагіных, — што дзякую, пастараюся быць.
— Слухаю.
„Непачціва, але не магу пісаць. Усёадно пабачымся з ёю сёння“, — падумаў Нехлюдаў і пайшоў апранацца.
Калі ён, апрануўшыся, вышаў на ганак, знаёмы рамізнік на гумавых шынах ужо чакаў яго.
— А ўчора, вы толькі паехалі ад князя Карчагіна, — сказаў рамізнік, поўабарачваючы сваю дужую загарэлую шыю ў белым каўняры кашулі, — і я прыехаў, а швейцар гаворыць: „толькі вышлі“.
„І рамізнікі ведаюць аб маіх дачыненнях да Карчагіных“, падумаў Нехлюдаў, і нявырашанае пытанне, якое займала яго заўсёды апошні час — трэба або не трэба жаніцца з Карчагінай, паўстала перад ім, і ён, як у большасці пытанняў, каторыя займалі яго ў гэты час, ніяк, ні ў той, ні ў другі бок, не мог вырашыць яго.
На карысць жаніцьбы наогул было, па-першае, тое, што жаніцьба, апрача прыемнасцей сямейнага шчасця, упарадкоўваючы палавое жыццё, давала магчымасць, „нравственного“ жыцця, як ён называў такое сямейнае жыццё; па-другое, і галоўнае, тое, што Нехлюдаў спадзяваўся, што сям‘я, дзеці дадуць сэнс яго цяпер беззмястоўнаму жыццю. Гэта было за жаніцьбу наогул. Супроць-жа жаніцьбы быў, па-першае, агульны ўсім немаладым халасцякам страх за пазбаўленне свабоды і, па-другое, несвядомы страх перад таемнай істотай жанчыны.
У карысць-жа, у прыватнасці, жаніцьбы іменна на Міссі (Карчагіну звалі Марыя, і, як ва ўсіх сем‘ях вядомага круга, ёй далі мянушку) — было, па-першае, што яна была пародзіста і ва ўсім, ад адзежы да манеры гаварыць, хадзіць, смяяцца, выдзялялася ад простых людзей, выдзялялася не чым-небудзь выключным, а „порядочностыо“, — ён не ведаў іншага выразу гэтай уласцівасці