Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/201

Гэта старонка не была вычытаная

Нехлюдаў запытаў пра дзяўчыну з барановымі вачыма. Вера Ефрэмаўна расказвала, што гэта дачка генерала, даўно ўжо належыць да рэволюцыйнай партыі і папалася за тое, што ўзяла на сябе стрэл у жандара. Яна жыла на канспіратыўнай кватэры, у якой быў друкарскі станок. Калі ўначы прышлі з вобыскам, дык жыхары кватэры парашылі абараняцца, пагасілі агонь і пачалі знішчаць доказы. Паліцэйскія ўварваліся, і тады адзін з змоўнікаў стрэліў і параніў смяртэльна жандара. Калі пачалі дапытваць, хто страляў, яна сказала, што страляла яна, не гледзячы на тое, што ніколі не трымала ў руцэ рэвальвера і павука не заб‘е. І так і асталося. І цяпер ідзе на катаргу.

— Альтруістычная, добрая асоба… — спагадліва сказала Вера Ефрэмаўна.

Трэцяя справа, аб якой хацела гаварыць Вера Ефрэмаўна, была адносна Маславай. Яна ведала, як усё было вядома ў астрозе, гісторыю Маславай і дачыненне да яе Нехлюдава, і раіла хадайнічаць аб пераводзе яе да палітычных або, прынамсі, у сядзелкі ў больніцу, дзе цяпер асабліва багата хворых і патрэбны работніцы. Нехлюдаў падзякаваў ёй за параду і сказаў, што будзе старацца скарыстаць яе.


LVI

Размову іхнюю спыніў сматрыцель, які падняўся і сказаў, што час спаткання скончыўся, і трэба разыходзіцца. Нехлюдаў устаў, развітаўся з Верай Ефрэмаўнай і адышоў да дзвярэй, ля якіх спыніўся, назіраючы тое, што адбывалася перад ім.

— Панове, пара, пара, — гаварыў сматрыцель, то ўстаючы, то зноў сядаючы.

Патрабаванне сматрыцеля выклікала ў прысутных у пакоі — і ў зняволеных і наведвальніках — толькі асаблівае ажыўленне, але ніхто і не думаў разыходзіцца. Некаторыя ўсталі і гаварылі стоячы. Некаторыя прадаўжалі сядзець і гутарыць. Некаторыя пачалі развітвацца і плакаць. А асабліва жаласлівай была маці з сухотным сынам. Малады чалавек усё круціў паперку, і твар яго рабіўся ўсё больш і