зняў капялюш, як асабліва знаёмаму пану. Не паспеў Нехлюдаў запытаць швейцара аб тым, дзе Міхаіл Іванавіч (Масленнікаў), як ён сам паказаўся на дыванавых сходнях, праводзячы вельмі важнага госця, гэткага, якога ён праводзіў ужо не да пляцоўкі, а да самага нізу. Вельмі важны ваенны госць гэты, ідучы, гаварыў па-французску аб алегры на карысць прытулкаў, якія адкрываюцца ў горадзе, выказваючы думку, што гэта добры занятак для дам: „і ім весела, і грошы збіраюцца“.
— Qu‘elles s‘amusent et que le bon dieu les bénisse…[1]. А, Нехлюдаў, добры дзень! Нешта даўно вас не відаць? — прывітаў ён Нехлюдава. — Alle presenter vos devoirs à madame[2]. І Карчагіны тут. Et Nadine Bukshevden. Toutes les jolies iemmes de la ville[3], — сказаў ён, падстаўляючы і крыху прыўзнімаючы свае ваенныя плечы пад падаваемы яму яго-ж пышным, з залатымі галунамі лёкаем, шынель. — Au revoir, mom cher![4] — Ён паціснуў яшчэ руку Масленнікаву.
— Ну, хадзем наверх, як я рад! — узрушана пачаў гаварыць Масленнікаў, падхапляючы пад руку Нехлюдава, і не гледзячы на сваю карпуленцыю, хутка павёў яго наверх.
Масленнікаў быў у асабліва радасным узрушаным настроі, прычынай якога была звернутая на яго ўвага важнай асобай. Здавалася, служачы ў гвардэйскім, блізкім да царскай фаміліі палку, Масленнікаву час ужо прызвычаіцца-б да блізкасці з царскай фаміліяй, але, відаць, подласць толькі ўзмацняецца паўтарэннем, і кожны гэтакі выказ увагі прыводзіў Масленнікава ў гэткае самае захапленне, якое прыходзіць да ласкавага сабачкі пасля таго, як гаспадар пагладзіць, патрэпле, пачэша яго за вушамі. Ён матляе хвастом, сціскаецца, круціцца і шалёна носіцца кругамі. Тое самае гатоў быў зрабіць Масленнікаў. Ён не заўважаў сур‘-