ёзнага выразу твара Нехлюдава, не слухаў яго і нястрымна вёў яго ў гасціную, так што нельга было адмовіцца, і Нехлюдаў ішоў з ім.
— Справа потым; што загадаеш — усё зраблю, — гаварыў Масленнікаў, праходзячы з Нехлюдавым праз залу. — Паведамце генеральшы, што князь Нехлюдаў, — нахаду сказаў ён лёкаю; лёкай інахаддзю, выпярэджваючы іх, рушыў уперад. — Vous n‘avez qu‘á ordonner[1]. Але жонку пабач абавязкова. Мне і то нагарэла за тое, што я той раз не прывёў цябе.
Лёкай паспеў ужо паведаміць, калі яны ўвайшлі, і Анна Ігнац‘еўна, віцэ-губернатарша, генеральша, як яна называла сябе, ужо з ззяючай усмешкаю нахілілася да Нехлюдава з-за шляпак і галоў, што акружалі яе каля канапы. На другім канцы гасцінай каля стала з чаем сядзелі пані і стаялі мужчыны — ваенныя і штацкія, і чулася безупынная траскатня мужчынскіх і жаночых галасоў.
— Enfin![2] Што-ж гэта вы нас ведаць не хочаце? Чым мы вас пакрыўдзілі?
Гэткімі словамі, якія прадугледжвалі інтымнасць паміж ёю і Нехлюдавым, каторай ніколі не было, сустрэла яго Анна Ігнац‘еўна.
— Вы знаёмы? Знаёмы? Мадам Беляўская, Міхаіл Іванавіч Чэрноў. Сядайце бліжэй.
— Місі, venez donc à notre table. On vous apportera votre thé[3]… І вы… — звярнулася яна да афіцэра, які гаварыў з Місі, відаць забыўшы яго імя, — калі ласка, сюды. Чаю, князь, загадаеце?
— Ні за што, ні за што не згаджуся; яна проста не любіла, — гаварыў жаночы голас.
— А любіла піражкі.
— Заўсёды недарэчныя жарты, — смеючыся, заступілася другая дама ў высокім капелюшы, на якім зіхацелі шоўк, золата і каменні.