Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/21

Гэта старонка не была вычытаная

і цаніў гэту ўласцівасць вельмі высока; па-другое, яшчэ тое, што яна вышэй усіх іншых людзей цаніла яго, стала быць, па яго паняццях, разумела яго. І гэта разуменне яго, г. зн. прызнанне яго высокіх вартасцей, сведчыла для Нехлюдава аб яе розуме і вернасці суджэння. Супроць-жа жаніцьбы на Міссі, у прыватнасці было, па-першае, вельмі магчыма можна-б было знайсці дзяўчыну, маючую яшчэ значна больш вартасцей, чым Міссі, і таму болей дастойную яго, па-другое, тое, што ёй было 27 год, і таму, напэўна, у яе былі ўжо ранейшыя любові, — гэта мысль была мучыцельна для Нехлюдава. Гордасць яго не мірылася з тым, каб яна нават у мінулым магла любіць не яго. Разумеецца, яна не магла ведаць, што яна сустрэне яго, але адна мысль аб тым, што яна магла любіць каго-небудзь раней, зневажала яго.

Так што довадаў было столькі-ж за, колькі і супроць; па крайняй меры, па сіле сваёй довады гэтыя былі роўны, і Нехлюдаў, смяючыся, сам над сабою, называў сябе Бурыданавым аслом. І ўсё-такі аставаўся ім, не ведаючы, да якой з двух вязанак звярнуцца.

„Аднак, не атрымаўшы адказу ад Мар‘і Васільеўны (жонкі прадвадзіцеля), не пакончыўшы зусім з тым, я і не магу нічога прадпрыняць“, сказаў ён сабе.

І гэта разуменне таго, што ён можа і павінен не спяшацца з вырашэннем, было прыемна яму.

„Аднак, гэта ўсё я абдумаю пасля“, сказаў ён сабе, калі яго пралётка зусім ужо ціха падкацілася да асфальтавага пад‘езда суда.

„Цяпер трэба сумленна, як я заўсёды раблю і лічу патрэбным, выканаць грамадскі абавязак. Апрача таго гэта часта бывае і цікава“, сказаў ён сабе і ўвайшоў міма швейцара ў прадпакой суда.


V

У калідорах суда ўжо пачалася мітусніна, калі Нехлюдаў увайшоў.

Вартаўнікі то хутка хадзілі, то трушком, нават не падымаючы ног ад падлогі, але шмыгаючы імі, запыхкаўшыся,