а ўзяў са станцыі параконную фурманку. Фурман быў малады хлапец у нанкавай, падпяразанай па складках ніжэй доўгага стану, паддзёўцы, які сядзеў па-фурманску, бачком, на козлах і тым ахвотней гутарыў з панам, што, пакуль яны гутарылі, разбіты, кульгавы, белы каранны і сухарлявы запалены супражны, маглі ісці крокам, чаго ім заўсёды вельмі хацелася.
Фурман расказваў пра аконама ў Кузмінскім, не ведаючы таго, што ён вязе гаспадара. Нехлюдаў наўмысля не сказаў яму.
— Шыкоўны немец, — гаварыў фурман, які пажыў у горадзе і чытаў раманы. Ён сядзеў, поўабярнуўшыся да седака, то знізу, то зверху перахапляючы доўгае пугаўё, і, відавочна, хваліўся сваёй адукацыяй, — тройку завёў салавых, выедзе з сваёй гаспадыняй — дык чаго ты варты! — працягваў ёй. — Узімку, на каляды, ёлка была ў вялікім доме, я гасцей вазіў таксама, з электрычаскай іскрай. У губерні гэткай на пабачыш! Нарабаваў грошай — страх! Што яму: уся яго ўлада. Гавораць, добры маёнтак купіў.
Нехлюдаў думаў, што яму ўсё-адно, як кіруе немец яго маёнткам і як карыстаецца. Але расказ фурмана з доўгім станам быў непрыемным для яго. Ён любаваўся цудоўным днём, густымі цемнаватымі хмарамі, якія часам закрывалі сонца, і яравымі палямі, па якіх усюды хадзілі мужыкі за сохамі, пераворваючы авёс, і густа зазеленай рунню, над якой узнімаліся жаўранкі, і лясамі, пакрытымі ўжо, апрача позняга дуба, свежай зелянінай, і лугамі, на якіх пярэста вылучаліся статкі і коні, і палямі, на якіх віднеліся аратыя, — і часам, яму ўспаміналася, што было нешта непрыемна, і калі ён пытаў сябе: што? — дык успамінаў расказ фурмана аб тым, як немец гаспадарыць у Кузмінскім.
Прыехаўшы ў Кузмінскае і заняўшыся справамі, Нехлюдаў забыў пра гэта пачуццё.
Прагляд канторскіх кніг і размова з прыказчыкам, які з наіўнасцю выстаўляў выгады малазямельнасці сялян і таго, што яны акружаны панскай зямлёй, яшчэ больш сцвердзіла Нехлюдава ў намеры прыпыніць сваю гаспадарку і аддаць усю зямлю сялянам. З канторскіх кніг і размоў з прыказчыкам ён даведаўся, што, як і было раней, дзве трэці