ваду і сказаў, што сяляне збіраюцца. Нехлюдаў саскочыў з ложка, апамінаючыся. Учарашняга пачуцця шкадавання аб тым, што ён аддае зямлю і знішчае гаспадарку, не было і следу. Ён з здзіўленнем успамінаў аб іх цяпер. Ён радаваўся той справе, якая стаяла перад ім, і міжвольна ганарыўся ёю. З акна яго пакоя відаць была зарослая цыкорыем пляцоўка lawn-tennis‘а, на якой, па загаду аконама, збіраліся сяляне. Жабы недарэмна кракталі ўвечары. Надвор‘е было хмарнае. Зранку ішоў ціхі, без ветру, цёплы дожджычак, які вісеў кропелькамі на лісцях, на галінах, на траве. У акне стаяў, апрача паху зеляніны, яшчэ пах зямлі, што прасіла дожджыку. Нехлюдаў некалькі разоў, апранаючыся, выглядаў з акна і глядзеў, як сяляне збіраліся на пляцоўку. Адны за аднымі яны падыходзілі, здымалі друг перад другам шапкі і картузы і станавіліся кружком, апіраючыся на кіі. Аконам, наліты, мускулісты, моцны малады чалавек, у кароткім пінжаку з зялёным пастаўленым каўняром і вялізнымі гузікамі, прышоў сказаць Нехлюдаву, што ўсе сабраліся, але што яны пачакаюць, — няхай раней Нехлюдаў, нап‘ецца кавы або чаю, і тое і другое прыгатавана.
— Не, ужо я лепш пайду да іх, — сказаў Нехлюдаў, перажываючы зусім нечакана для сябе пачуццё боязнасці і сораму ад думкі пра размову з сялянамі, што мелася быць.
Ён ішоў выканаць тое жаданне сялян, аб выкананні якога яны і не асмельваліся думаць, — аддаць ім за танную цану зямлю, г. зн. ішоў зрабіць для іх добры ўчынак, а яму было нечага сорамна. Калі Нехлюдаў падышоў да сялян, і агаліліся русыя, курчавыя, пляшывыя, сівыя галовы, ён гэтак збянтэжыўся, што доўга нічога не мог сказаць. Дожджычак маленькімі кроплямі працягваў ісці і аставаўся на валасах, бародах і на ворсе сялянскіх кафтаноў. Сяляне глядзелі на пана і чакалі, што ён ім скажа, а ён гэтак збянтэжыўся, што нічога не мог сказаць. Збянтэжанае маўчанне разбіў спакойны, самаўпэўнены немец-аконам, які лічыў сябе знаўцай рускага мужыка і вельмі добра, правільна гаварыў па-руску. Дужы, перакормлены чалавек гэты, таксама як і сам Нехлюдаў, уяўляў з сябе дзіўны кантраст у параў-