жарабя выбегла з варот, але, спалохаўшыся Нехлюдава, наскочыла на калёсы і, абіваючы ногі аб колы, прабегла ўперад маткі, якая вывозіла за вароты цяжкі воз. Яна занепакоілася і злёгку заіржала. Наступнага каня выводзіў худы бадзёры дзед, таксама босы, у паласатых нагавіцах і доўгай бруднай кашулі, з выпятымі на спіне худымі лапаткамі.
Калі коні вышлі на пакатаны шлях, пасыпаны шэрымі, нібы спаленымі шматкамі гною, дзед вярнуўся да варот і пакланіўся Нехлюдаву.
— Паненак нашых пляменнічак будзеш?
— Але, я пляменнік іхні.
— З прыездам. Што-ж, прыехаў да нас у госці? — загаманіў гаваркі дзед.
— Але, але. Што-ж, як вы жывеце? — сказаў Нехлюдаў, не ведаючы, што сказаць.
— Якое наша жыццё! Самае дрэннае наша жыццё, — як быццам са здавальненнем, нараспеў зацягнуў гаваркі дзед.
— Чаму дрэннае? — сказаў Нехлюдаў, уваходзячы пад вароты.
— Ды якое-ж жыццё? Самае дрэннае жыццё, — сказаў дзед, ідучы на ачышчаную да зямлі частку пад паветкай.
Нехлюдаў увайшоў за ім пад паветку.
— У мяне вось яны — 12 душ, — працягнуў дзед, паказваючы на двух жанчын, якія са ссунутымі хусткамі, потныя, падтыркнуўшы спадніцы, з голымі, да паловы запэцканымі гноевай жыжкай лыткамі, стаялі з сахарамі на прыступцы нявычышчанага яшчэ гною. — Што ні месяц, дык купляй 6 пудоў, а дзе іх узяць?
— А свайго хіба нехапае?
— Свайго?! — з пагардлівай усмешкай сказаў дзед. — У мяне зямлі на тры душы, а цяперака ўсяго 8 коп сабралі, да каляд нехапіла.
— Дык як-жа вы жывеце?
— Так і жывём; вось аднаго ў парабкі аддаў, ды ў вашай міласці грошай узяў. Яшчэ да загавін усё забралі, а падаткаў не плаціў.
— А колькі падатку?
— Ды на мой двор рублёў 17 на трэць прыпадае. Ох, не дай бог, жыццё, і сам не ведаеш, як выкручваешся!