гэтым самым ложку, — падумаў ён, — раджала і хварэла потым Кацюша“. Амаль уся хата была занята кроснамі, якія ў той час, як увайшоў Нехлюдаў, бразнуўшыся галаваю аб нізкія дзверы, старая толькі што ўпарадкоўвала з сваёй старэйшай унучкай. Яшчэ двое ўнучат услед за панам старчком убеглі ў хату і спыніліся за ім у дзвярах, ухапіўшыся за прыталкі рукамі.
— Каго трэба? — сярдзіта запыталася старая. Яна была ў нядобрым настроі, бо з кроснамі нешта не ладзілася. Апрача таго, употайкі гандлюючы віном, яна баялася ўсякіх незнаёмых людзей.
— Я памешчык, мне пагутарыць хацелася-б з вамі.
Старая памаўчала, пільна ўглядаючыся, потым раптам уся змянілася.
— Ах ты, даражэнькі мой, а я, дурная, не пазнала: думаю, нейкі падарожны, — ненатуральна-ласкавым голасам загаварыла яна. — Ах, ты, сокал ты мой ясны…
— Як-бы гэта пагутарыць без народу, — сказаў Нехлюдаў, гледзячы на адчыненыя дзверы, каля якіх стаялі дзеці, а за дзецьмі худая жанчына з высахлым ад хваробы бледным дзіцёначкам у шапачцы з ласкуцікаў, які ўсё-такі ўсміхаўся.
— Чаго не бачылі, я вам дам, дай мне сюды кастыль! — крыкнула старая на тых, што стаялі каля дзвярэй. — Зачыні, ці што!
Дзеці адышліся, баба з дзіцёнкам зачыніла дзверы.
— А я думаю: хто прышоў? А гэта сам пан, залаты ты мой, прыгожы, даражэнькі! — гаварыла старая. — Куды зайшоў, не пагрэбаваў. Ах ты, брыльянтавы! Сюды садзіся, ваша сіяцельства, вось сюды, на конік, — гаварыла яна, выціраючы конік фіранкаю. — А я думаю, які чорт лезе, але гэта сам ваша сіяцельства, пан добры, дабрадзей, кармілец наш. Даруй ты мне, старой ды дурной, — аслепла.
Нехлюдаў сеў, старая стала перад ім, падперла правай рукой шчаку, падхапіўшы левай рукой востры локаць правай, і загаварыла пявучым голасам:
— І старым-жа ты зрабіўся, ваша сіяцельства, то як яблычка прыгожы быў, а цяпер што! Таксама клопаты, відаць.