што ўсе пакуты народу або, прынамсі, галоўная бліжэйшая прычына народных пакут у тым, што зямля, якая корміць яго, не ў яго руках, а ў руках людзей, якія, карыстаючыся гэтым правам на зямлю, жывуць працай гэтага народу. Зямля-ж, якая гэтак неабходна для яго, што людзі паміраюць ад адсутнасці яе, абрабляецца гэтымі-ж даведзенымі да жабрацтва людзьмі для таго, каб хлеб з яе прадаваўся за граніцу, і землеўласнікі маглі-б купляць сабе капелюшы, кіі, каляскі, бронзу і т. д. Гэта было для яго цяпер гэтак-жа ясна, як ясна было тое, што коні, загнаныя ў агарожу, дзе яны з‘елі ўсю траву пад нагамі, будуць худымі і будуць паміраць з голаду, пакуль ім не дадуць магчымасці карыстацца той зямлёй, на якой яны змогуць знайсці сабе корм… І гэта жудасна і гэтага ніяк не можа і не павінна быць. І трэба знайсці сродкі, каб гэтага не было, або, прынамсі, самому не ўдзельнічаць у гэтым.
„І я абавязкова знайду іх“, — думаў ён, ходзячы ўзад і ўперад па бліжэйшых бярозавых прысадах. „У вучоных таварыствах, ва ўрадавых установах і газетах гаворым аб прычынах беднасці народу і сродках уздыму яго, толькі не аб тым адным правільным спосабе, які напэўна ўзніме народ, і складаецца з таго, каб перастаць адбіраць ад яго неабходную яму зямлю“. І ён жыва ўспомніў грунтоўныя тэзісы Генры Джорджа і сваё захапленне ім і здзіўляўся з таго, як ён мог забыць усё гэта. „Не можа зямля быць прадметам уласнасці, не можа яна быць прадметам куплі і прадажы, як вада, як паветра, як праменні сонца. Усе маюць аднолькавае права на зямлю і на ўсе перавагі, якія яна дае людзям“. І ён зразумеў цяпер, чаму яму было сорамна ўспамінаць сваё ўпарадкаванне спраў у Кузмінскім. Ён ашукваў сам сябе, ведаючы, што чалавек не можа мець права на зямлю, ён прызнаў гэта права за сабой і падарыў сялянам частку таго, на што ён ведаў у глыбіні душы, што не меў права. Цяпер ён не зробіць гэтага і зменіць тое, што ён зрабіў у Кузмінскім. І ён абмеркаваў праект, які быў у тым, каб аддаць сялянам зямлю ў наймы за рэнту, а рэнту прызнаць уласнасцю гэтых-жа сялян, з тым, каб яны плацілі гэтыя грошы і скарыстоўвалі іх на