Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/24

Гэта старонка не была вычытаная

з бакоў, старая пані, не гледзячы на тое, што яна была зусім невінаватай, павінна будзе нізавошта заплаціць вялікія грошы супраціўнаму боку.

— Геніяльны адвакат! — гаварыў ён. Яго слухалі з павагаю, і некаторыя намагаліся ўставіць свае заўвагі, але ён усіх абрываў, нібы ён адзін мог ведаць усё як след.

Не гледзячы на тое, што Нехлюдаў прыехаў позна, давялося доўга чакаць. Затрымліваў справу адзін з членаў суда, які яшчэ дагэтуль не прыехаў.


VI

Судовы старшыня прыехаў у суд рана. Старшыня быў высокі, гладкі чалавек з вялікімі сіваватымі бакенбардамі. Ён быў жанаты, але жыў вельмі распусна, таксама як і яго жонка. Яны не перашкаджалі адзін аднаму. Сёння раніцою ён атрымаў запіску ад швейцаркі-гувернанткі, якая жыла ў іхнім доме ўлетку і цяпер праязджала з поўдня ў Пецербург, што яна будзе ў горадзе паміж трыма і шасцю гадзінамі чакаць яго ў гасцініцы „Італія“. І таму яму хацелася пачаць і скончыць раней сёнешняе паседжанне з тым, каб да шасці паспець наведаць гэтую рыжанькую Клару Васільеўну, з якой у яго ў мінулым годзе ўлетку на дачы завязаўся раман.

Увайшоўшы ў габінет, ён замкнуў дзверы, дастаў з шафы з паперамі з ніжняй паліцы дзве галтэры (гіры) і зрабіў 20 рухаў угору, уперад, убок і ўніз і потым тры разы лёгка прысеў, трымаючы галтэры над галавой.

„Нішто так не падтрымлівае, як абліванне вадою і гімнастыка“, падумаў ён, мацаючы левай рукой з залатым перснем на безыменным пальцы напружаны бісепс правай. Яму аставалася яшчэ зрабіць мулінэ (ён заўсёды рабіў гэтыя два рухі перад доўгімі паседжаннямі), калі дзверы задрыжэлі. Нехта хацеў адчыніць іх. Старшыня хутка паклаў гіры на месца і адчыніў дзверы.

— Прабачце, — сказаў ён.

У пакой увайшоў адзін з членаў у залатых акулярах, невысокі, з паднятымі плячамі і нахмураным тварам.