Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/240

Гэта старонка не была вычытаная

гаварыў аб тым, што ўвесь даход з зямлі павінен ісці ў грамадскі капітал сялян.

— Зразумеў. Вы, значыцца, процант з гэтага капітала будзеце атрымліваць? — сказаў ён, узрадаваўшыся.

— Ды не. Вы зразумейце, што зямля не можа быць уласнасцю прыватных асоб.

— Гэта праўда.

— І ўсё тое, што дае зямля, з гэтай прычыны належыць усім.

— Дык, значыцца, даходу вы ўжо не будзеце мець? — запытаў, перастаўшы ўсміхацца, прыказчык.

— Але, я адмаўляюся.

Прыказчык цяжка ўздыхнуў і потым зноў пачаў усміхацца. Цяпер ён зразумеў. Ён зразумеў, што Нехлюдаў чалавек не зусім здаровы, і адразу-ж пачаў шукаць у праекце Нехлюдава, які адмаўляўся ад зямлі, магчымасць карысці для сябе і абавязкова хацеў зразумець праект так, каб яму можна было пакарыстацца гэтай зямлёй. Калі-ж ён зразумеў, што і гэта немагчыма, ён засмуціўся і перастаў цікавіцца праектам, і толькі для таго, каб дагадзіць гаспадару, усміхаўся. Бачачы, што прыказчык не разумее яго, Нехлюдаў адпусціў яго, а сам сеў за зрэзаны і заліты чарнілам стол і пачаў выкладаць на паперы свой праект.

Сонца села ўжо за ліпы, якія толькі што пачалі распускацца, і камары раямі заляталі ў пакой і кусалі Нехлюдава. Калі ён у той самы час, як скончыў сваё пісанне, пачуў, што з вёскі даносяцца гукі бэкання статку, з рыпам адчыняюцца вароты, гамоняць мужыкі, сабраўшыся на сходзе, тады Нехлюдаў сказаў прыказчыку, што не трэба мужыкоў клікаць да канторы, а што ён сам пойдзе на вёску, да таго двара, дзе яны збяруцца.

Выпіўшы хутка шклянку чаю, прапанаваную прыказчыкам, Нехлюдаў пайшоў на вёску.


VII

Над натоўпам ля двара старасты стаяў гоман, але як толькі Нехлюдаў падышоў, гоман сціх, і сяляне, таксама, як і ў Кузмінскім, усе адзін за адным паздымалі шапкі.