най хмарай. Салаўі і птушкі змоўклі. З-за шуму вады каля млына пачулася гагатанне гусей, а потым на вёсцы і на дварэ прыказчыка пачалі пераклікацца раннія пеўні, як яны звычайна раней свайго часу крычаць у душныя навальнічныя ночы. Ёсць прыказка, што пеўні крычаць рана пад вясёлую ноч. Для Нехлюдава гэта ноч была больш, чым вясёлая. Ваабражэнне аднавіла перад ім уражанні таго шчаслівага лета, якое ён правёў тут нявінным юнаком, і ён адчуў сябе цяпер гэткім, якім ён быў не толькі тады, але і ва ўсе лепшыя мінуты свайго жыцця. Ён не толькі ўспомніў, але адчуў сябе такім, якім ён быў тады, калі ён чатырнаццацігадовым хлопчыкам маліўся богу, каб бог адкрыў яму ісціну, калі плакаў дзіцёнкам на каленях маці, расстаючыся з ёй і абяцаючы ёй быць заўсёды добрым і ніколі не засмучаць яе, — адчуў сябе такім, якім ён быў, калі яны з Ніколенькам Ірценевым рашылі, што будуць заўсёды падтрымліваць адзін аднаго ў добрым жыцці і будуць старацца зрабіць усіх людзей шчаслівымі. Ён успомніў цяпер, як у Кузмінскім на яго найшла спакуса, і ён пачаў шкадаваць і дом, і лес, і гаспадарку, і зямлю, і запытаў сябе цяпер: ці шкадуе ён? І яму нават дзіўна было, што ён мог шкадаваць. Ён успомніў усё, што ён бачыў сёння: і жанчыну з дзецьмі без мужа, пасаджанага ў турму за парубку ў яго, Нехлюдаўскім, лесе, і жахлівую Матруну, якая лічыла, ці, прынамсі, гаварыла, што жанчыны іхняга стану павінны аддавацца ў палюбоўніцы панам; успомніў адносіны яе да дзяцей, спосабы адвозу іх у выхаваўчы дом, і гэты няшчасны з старэчай усмешкай дзіцёнак у шапачцы, які памірае ад недакорму; успомніў гэту цяжарную, кволую жанчыну, якую павінны былі прымусіць працаваць на яго за тое, што яна, змучаная працай, не ўпільнавала сваёй галоднай каровы. І тут-жа ўспомніў турму, паголеныя галовы, камеры, брыдкі пах, ланцугі і побач з гэтым — вар‘яцкую раскошу свайго і ўсяго гарадскога, сталічнага, панскага жыцця. Усё было зусім ясна і зразумела.
Светлы месяц, амаль поўны, вышаў з-за хлева, на двор ляглі чорныя цені, і заблішчэла жалеза на даху спарахнелага дома.