Ці таму, што сялян было меней, ці таму, што ён быў занят не сабой, а справамі, Нехлюдаў гэты раз не адчуў ніякай збянтэжанасці. Мімаволі ён звяртаўся пераважна да шырокага дзеда з белымі кольцамі барады, чакаючы ад яго ўхвалы або адмаўлення. Але ўяўленне, складзенае аб ім Нехлюдавым, было памылковае. Прыстойны дзед, хаця і ківаў спагадліва сваёй прыгожай патрыярхальнай барадой або ўстрасаў ёю, хмурачыся, калі іншыя супярэчылі, відавочна, з вялікай цяжкасцю разумеў тое, што гаварыў Нехлюдаў, і то толькі тады, калі гэта пераказвалі на сваёй мове іншыя сяляне. Куды больш разумеў словы Нехлюдава маленькі, крывы на адно вока, адзеты ў палатаную нанкавую паддзёўку і старыя, збітыя на бок, боты, амаль безбароды дзядок, які сядзеў побач з патрыярхальным дзедам — ён быў пячніком, як даведаўся потым Нехлюдаў. Чалавек гэты хутка вадзіў бровамі, уважліва слухаў, і адразу-ж пераказваў па-свойму тое, што гаварыў Нехлюдаў. Гэтак-жа хутка разумеў і невысокі прысадзісты дзед з белай барадой і бліскучымі разумнымі вачыма, які карыстаўся кожным выпадкам, каб рабіць жартаўлівыя, іранічныя заўвагі на словы Нехлюдава і, відавочна, фарсіў гэтым. Былы салдат таксама, здавалася, мог-бы разумець справу, калі-б не ачмурэў ад салдацтва і не блытаўся ў прывычках бессэнсоўнай салдацкай мовы. Сур‘ёзней за ўсіх ставіўся да справы доўганосы, з маленькай барадой, высокі чалавек, адзеты ў чыстую саматканую вопратку і ў новыя лапці, які гаварыў густым басам. Чалавек гэты ўсё разумеў і гаварыў толькі тады, калі гэта трэба было. Астатнія два дзяды, адзін — той самы бяззубы, які ўчора на сходзе з крыкам рашуча адмаўляў усе прапановы Нехлюдава, і другі — высокі, белы, кульгавы дзед з добрадушным тварам, у бахілках і туга абкручаных белымі анучамі худых нагах, абодва амаль увесь час маўчалі, хаця і ўважліва слухалі. Нехлюдаў раней за ўсё выказаў свой погляд на зямельную ўласнасць.
— Зямлю, на мой погляд, — сказаў ён, — нельга ні прадаваць, ні купляць, таму што калі можна прадаваць яе, дык тыя, у каго ёсць грошы, купяць яе ўсю і тады будуць браць з тых, у каго няма зямлі, што захочуць, за права