карыстання зямлёй. Будуць браць грошы за тое, каб стаяць на зямлі, — дадаў ён, карыстаючыся аргументам Спенсера.
— Адзін ратунак — крыллі падвязаць — лятаць, — сказаў дзед з белай барадой, вочы якога смяяліся.
— Гэта правільна, — сказаў густым басам доўганосы.
— Так точна, — сказаў былы салдат.
— Баба травы для кароўкі нарвала: злавілі — у астрог, — сказаў кульгавы добрадушны дзед.
— Зямля свая за пяць вёрст, а заарандаваць — не падступіцца. Паднялі цану гэтак, што не апраўдаеш, — дадаў бяззубы сярдзіты дзед, — вяроўкі ўюць з нас, як хочуць, горш прыгону, — пацвердзіў сярдзіты.
— Я таксама думаю, як і вы, — сказаў Нехлюдаў, — лічу за грэх валодаць зямлёй. І вось хачу аддаць яе.
— Што-ж, справа добрая, — сказаў дзед з майсеевымі кольцамі, відавочна маючы на ўвазе тое, што Нехлюдаў хоча аддаць яе ў наймы.
— Я затым і прыехаў: я не хачу больш уладаць зямлёй; але вось трэба абмеркаваць, як ад яе адмовіцца.
— Ды аддай мужыкам, вось і ўсё, — сказаў бяззубы сярдзіты дзед.
Нехлюдаў збянтэжыўся ў першую мінуту, адчуўшы ў гэтых словах сумненне ў шчырасці свайго намеру. Але ён адразу-ж схамянуўся і скарыстаў гэту заўвагу, каб выказаць тое, што меў сказаць.
— І рады-б аддаць, — сказаў ён, — але каму і як? Якім мужыкам? Чаму вашаму вобчаству, а не Дземінскаму? (Гэта было суседняе сяло з жабрацкім надзелам.)
Усе маўчалі. Толькі былы салдат сказаў:
— Так точна.
— Ну, вось, — сказаў Нехлюдаў, — вы мне скажыце, калі-б цар сказаў, каб адабраць ад памешчыкаў зямлю і раздаць сялянам…
— А, ці што чуваць аб гэтым? — запытаў той самы старык.
— Не, ад цара нічога няма. Я проста ад сябе кажу: для прыкладу, што калі-б цар сказаў: адабраць ад памешчыкаў зямлю і аддаць мужыкам, — як-бы вы зрабілі?