— Як зрабілі? Падзялілі-б усю па душах усім роўна, што мужыку, што пану, — сказаў пячнік, хутка ўзнімаючы і апускаючы бровы.
— А то як-жа? Падзяліць па душах, — пацвердзіў добрадушны кульгавы дзед у белых анучах.
Усе падтрымалі гэта рашэнне, лічылі яго здавальняючым.
— Як-жа па душах? — запытаў Нехлюдаў. — Дваровым таксама падзяліць?
— „Нікак нет“, — сказаў былы салдат, стараючыся паказаць вясёлую бадзёрасць на сваім твары. Але разважлівы высокі селянін не згадзіўся з ім.
— Дзяліць — дык усім роўна, — падумаўшы, адказаў ён сваім густым басам.
— Нельга, — сказаў Нехлюдаў, ужо раней падрыхтаваўшы свой адказ. — Калі падзяліць усім роўна, дык усе тыя, хто самі не робяць, не аруць, — паны, лёкаі, кухары, чыноўнікі, пісары, усе гарадскія людзі, — возьмуць свае паі ды і прададуць багатым. І зноў у багатых збярэцца зямля. А ў тых, якія на сваім надзеле, зноў народзіцца народ, а зямля ўжо падзелена. Зноў багатыя сядуць на карак тым, каму зямля патрэбна.
— Так точна, — паспешна сцвердзіў салдат.
— Забараніць, каб не прадавалі зямлю, а толькі хто сам арэ, — сказаў пячнік, сярдзіта перабіваючы салдата.
На гэта Нехлюдаў адказаў, што прадугледзіць нельга, ці будзе хто для сябе араць ці для іншага.
Тады высокі разважлівы мужык прапанаваў зрабіць так, каб усім арцеллю араць.
— І хто арэ, на таго і дзяліць. А хто не арэ, таму нічога, — вымавіў ён сваім рашучым басам.
На гэты комуністычны праект у Нехлюдава былі таксама прыгатаваны аргументы, і ён сказаў, што для гэтага трэба, каб усе мелі плугі, і коні былі-б аднолькавыя, і каб адны не адставалі ад другіх, або каб усё — коні, плугі, і малатарні, і ўся гаспадарка — была-б агульная, а што для таго, каб зрабіць гэта, трэба, каб усе людзі згадзіліся.
— Наш народ не згодзіцца ніколі, — сказаў сярдзіты дзед.
— Скрозь бойка пачнецца, — сказаў белабароды дзед, у якога смяяліся вочы. — Бабы адна адной усе вочы павыдзіраюць.