Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/252

Гэта старонка не была вычытаная

нічога не плаціш; а падаткі на грамадскія патрэбы за цябе будуць плаціць тыя, хто зямлёй валодае.

— Гэта правільна, — сказаў пячнік, рухаючы брывамі. — У каго лепшая зямля, той болей плаціць павінен.

— І разумны-ж быў гэты Жоржа, — сказаў паважны дзед з кольцамі.

— Толькі-б плата была пад сілу, — сказаў басам высокі, відавочна ўжо прадбачачы, куды ідзе справа.

— А плата павінна быць такая, каб было не дорага і не танна… Калі дорага, дык не выплацяць, і ўбытак будзе, а калі танна, усе пачнуць купляць адзін у аднаго, будуць гандляваць зямлёй. Вось гэта самае я хацеў зрабіць у вас.

— Гэта правільна, гэта справядліва. Што-ж, гэта добра, — казалі мужыкі.

— Ну і галава, — паўтарыў шырокі дзед з кольцамі. — Жоржа! А што надумаў.

— Ну, а як-жа, калі я захачу ўзяць зямлі? — сказаў, усміхаючыся, прыказчык?

— Калі вольны ёсць надзел, бярыце і працуйце, — сказаў Нехлюдаў.

— Табе навошта? Ты і так сыты, — сказаў дзед, у якога ўсміхаліся вочы.

На гэтым скончылася нарада.

Нехлюдаў зноў паўтарыў сваю прапанову, але не патрабаваў адказу зараз-жа, а раіў пагаварыць з вобчаствам і тады прысці і даць адказ яму.

Мужыкі сказалі, што пагавораць з вобчаствам і дадуць адказ, і, развітаўшыся, пайшлі ўсхваляваныя. На дарозе доўга чулася, паступова аддаляючыся, іхняя гучная гамонка. І да позняга вечара гулі іхнія галасы і даносіліся па рацэ ад вёскі.


На другі дзень мужыкі не працавалі, а абмяркоўвалі прапанову пана. Вобчаства падзялілася на дзве партыі: адна прызнавала выгаднай і бяспечнай прапанову пана, другая бачыла ў гэтым хітрасць, сутнасць якой яна не магла зразумець і якой таму асабліва баялася. На трэці дзень аднак