атуманенымі тварамі. Адзін сядзеў ля акна, падняўшы бровы і выпяўшы губы, глядзеў перад сабою, як быццам стараючыся ўспомніць нешта.
„І навошта яны ўсе пазбіраліся тут?“ думаў Нехлюдаў, мімаволі ўдыхаючы разам з пылам, які на яго нёс халодны вецер, усюды пашыраны пах прагорклага масла свежай фарбы.
На адной вуліцы яго дагнаў абоз ламавікоў; яны везлі нейкае жалеза і так страшна грымелі па няроўным бруку сваім жалезам, аж яму зрабілася балюча ў вушах і галаве. Ён пайшоў хутчэй, каб выперадзіць абоз, калі раптам з-за грукату жалеза пачуў сваё імя. Ён спыніўся і ўбачыў крыху ўперадзе сябе ваеннага з спічастымі скручанымі вусамі і ззяючым глянцавітым тварам; ваенны, седзячы на таратайцы ліхача, ветліва махаў яму рукой, адкрываючы ўсмешкай надзвычайна белыя зубы.
— Нехлюдаў! Ты гэта?
Першае адчуванне Нехлюдава было прыемнасць.
— А! Шэнбок, — радасна вымавіў ён, але адразу-ж зразумеў, што радавацца зусім не было чаго.
Гэта быў той самы Шэнбок, які тады заязджаў да цётак. Нехлюдаў даўно не бачыў яго, але чуў пра яго, што ён, не гледзячы на свае даўгі, пакінуўшы полк і астаўшыся ў кавалерыі, усё неяк трымаўся нейкімі сродкамі ў асяроддзі багатых людзей. Задаволены, вясёлы выгляд сцвярджаў гэта.
— Вось добра, што злавіў цябе! А то нікога ў горадзе няма. Ну, браце, а ты пастарэў, — гаварыў ён, выходзячы з таратайкі і выпростваючы плечы. — Я толькі па хадзе і пазнаў цябе. Ну, што-ж, абедаем разам? Дзе ў вас тут кормяць як след?
— Не ведаю, ці паспею, — адказаў Нехлюдаў, думаючы толькі аб тым, як-бы яму збавіцца ад таварыша, не зняважыўшы яго. — Ты чаго-ж тут? — запытаў ён.
— Усё справы, браце. Справы апекі. Я-ж апякун. Кірую справамі Саманава. Ведаеш, багацея. Ён ідыёт. А 54 тысячы дзесяцін зямлі, — сказаў ён з нейкім асаблівым гонарам, нібы сам зрабіў усе гэтыя дзесяціны. — Запушчаны справы былі жу-