толькі дзякуючы іхняй дабраце. А падвесці кожнага з нас да пазбаўлення асаблівых праў і ссылкі — самая лёгкая справа.
— Але калі так, і ўсё залежыць ад самавольства пракурора і асоб, якія маюць права ўжываць і не ўжываць закон, дык навошта суд?
Адвакат весела засмяяўся.
— Вось якія пытанні вы задаеце! Ну, гэта, бацюхна, філасофія. Што-ж, можна і аб гэтым пагутарыць. Вось прыязджайце ў суботу. Сустрэнеце ў мяне вучоных, літаратараў, мастакоў. Тады і пагутарым аб агульных пытаннях, — сказаў адвакат, з іранічным пафасам вымаўляючы словЫ: „агульныя пытанні“. — З жонкай знаёмы. Прыязджайце.
— Пастараюся, — адказаў Нехлюдаў, адчуваючы, што ён гаворыць няпраўду, і калі аб чым пастараецца, дык толькі аб тым, каб не быць увечары ў адваката, у асяроддзі яго гасцей: вучоных, літаратараў і мастакоў.
Смех, якім адказаў адвакат на заўвагу Нехлюдава аб тым, што суд не мае значэння, калі суддзі могуць па свайму свавольству ўжываць або не ўжываць закон, і інтанацыя, з якой ён вымавіў словы: „філасофія“ і „агульныя пытанні“, паказалі Нехлюдаву, як зусім па-рознаму ён і адвакат і, напэўна, і прыяцелі адваката глядзяць на рэчы, і як, не гледзячы на ўсё сваё цяперашняе аддаленне ад ранейшых сваіх сяброў, як Шэнбок, Нехлюдаў адчуваў сябе яшчэ больш далёкім ад адваката і людзей яго асяроддзя.
XII
Да турмы было далёка, а было ўжо позна, і таму Нехлюдаў узяў рамізніка і паехаў да турмы. На адной з вуліц рамізнік, чалавек сярэдніх год, з разумным і добрадушным тварам, звярнуўся да Нехлюдава і паказаў на рыштаванні велізарнага будынка.
— Вунь якую будыніну ўзвялі, — сказаў ён, як быццам ён браў нейкі ўдзел у гэтай будоўлі і ганарыўся гэтым.
Сапраўды, дом будаваўся велізарны і ў нейкім склада-