Надзірацель даведаўся і сказаў, што яна ў больніцы. Нехлюдаў пайшоў у больніцу. Добрадушны дзядок, больнічны вартаўнік, адразу-ж пусціў яго і, даведаўшыся, каго яму трэба было бачыць, накіраваў у дзіцячае аддзяленне.
Малады доктар, увесь прасякнуты карболавай кіслатой, вышаў да Нехлюдава ў калідор і строга спытаў яго, што яму трэба. Доктар гэты ўсялякім чынам патураў арыштантам і таму заўсёды меў непрыемныя сутычкі з начальствам турмы і нават з старшым доктарам. Баючыся таго, каб Нехлюдаў не патрабаваў ад яго чаго-небудзь незаконнага, і, апрача таго, жадаючы паказаць, што ён ні для кога не робіць выключэнняў, ён прыкінуўся сярдзітым.
— Тут няма жанчын, дзіцячыя палаты, — сказаў ён.
— Я ведаю, але тут ёсць пераведзеная з турмы сядзелка-служанка.
— Але, ёсць тут дзве. Дык што-ж вам трэба?
— Я блізка стаю да адной з іх, да Маславай, — сказаў Нехлюдаў, — і вось жадаў-бы бачыць яе: я еду ў Пецербург для падавання касацыйнай скаргі па яе справе. І хацеў перадаць вось гэта. Гэта толькі фатаграфічны здымак, — сказаў Нехлюдаў, вымаючы з кішэні канверт.
— Што-ж, гэта можна, — сказаў доктар, падабрэўшы, і звярнуўшыся да бабулькі ў белым фартуху, сказаў, каб яна паклікала сядзелку-арыштантку Маславу. — Ці не жадаеце пасядзець, або прайсці ў прыймовы пакой?
— Дзякую вам, — адказаў Нехлюдаў і, карыстаючыся спрыяючай для яго зменай у доктары, спытаўся ў яго аб тым, як задаволены Маславай у больніцы.
— Нішто, працуе някепска, беручы пад увагу ўмовы, ў якіх яна была, — сказаў доктар. — А вось і яна.
З адных дзвярэй вышла бабулька-сядзелка і за ёю Маслава. Яна была ў белым фартуху на паласатым плацці. На галаве была хусцінка, якая закрывала валасы. Убачыўшы Нехлюдава, яна ўспыхнула, спынілася нібы ў нерашучасці, а потым нахмурылася і, апусціўшы вочы, хуткімі крокамі накіравалася да яго па палосачцы калідора. Падышоўшы да Нехлюдава, яна хацела не падаць рукі, потым падала і яшчэ больш пачырванела. Нехлюдаў не бачыў яе пасля той