размовы, калі яна прасіла прабачэння за сваю гарачнасць, і ён цяпер чакаў яе знайсці такой самай, як тады. Але сёння яна была зусім іншая, у выразе твара яе было нешта новае: стрыманае, сарамлівае і, як здалося Нехлюдаву, нязычлівае да яго. Ён сказаў ёй тое самае, што сказаў доктару, — што едзе ў Пецербург, і перадаў ёй канверт з фатаграфіяй, якую ён прывёз з Панава.
— Гэта я знайшоў у Панаве, старая фатаграфія, можа вам прыемна. Вазьміце.
Яна, прыўзняўшы чорныя бровы, здзіўлена зірнула на яго сваімі касаватымі вачыма, як быццам пытаючы: навошта гэта? — і моўчкі ўзяла канверт і паклала ў фартух.
— Я бачыў там цётку вашу, — сказаў Нехлюдаў.
— Бачылі? — сказала яна абыякава.
— Ці добра вам тут? — запытаў Нехлюдаў.
— Нішто, добра, — сказала яна.
— Не вельмі цяжка?
— Не, нішто. Я не прывыкла яшчэ.
— Я за вас вельмі рад. Усё-такі лепей, як там.
— Як дзе там? — сказала яна, і твар яе заліўся румянцам.
— Там, у астрозе, — паспяшыў сказаць Нехлюдаў.
— Чым-жа лепей? — запытала яна.
— Я думаю, людзі тут лепшыя. Няма гэткіх, якія там.
— Там многа добрых, — сказала яна.
— Аб Меншовых я хадайнічаў і спадзяюся, што іх вызваляць, — сказаў Нехлюдаў.
— Гэта дай божа, гэткая бабулька цудоўная, — сказала яна, паўтараючы сваё азначэнне бабулькі, і злёгку ўсміхнулася.
— Я сёння еду ў Пецербург. Справа ваша будзе слухацца неўзабаве, і я спадзяюся, што прысуд скасуюць.
— Скасуюць, не скасуюць, цяпер усёроўна, — сказала яна.
— Чаму: цяпер?
— Так, — сказала яна, хуткім поглядам запытальна зірнуўшы яму ў твар.
Нехлюдаў зразумеў гэта слова і гэты погляд так, што яна хоча ведаць, ці трымаецца ён свайго рашэння або прыняў яе адмову і змяніў яго.