Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/268

Гэта старонка не была вычытаная

Пасядзеўшы на лаўцы ў калідоры, яна вярнулася ў каморку і, не адказваючы таварышцы, доўга плакала над сваім згубленым жыццём.


XIV

У Пецербургу ў Нехлюдава было тры справы: касацыйнае прашэнне Маславай у сенаце, справа Фядос‘і Біруковай у камісіі прашэнняў і, па даручэнню Веры Богадухоўскай, справа ў жандарскім кіраўніцтве, або З-м аддзяленні, аб вызваленні Шуставай і аб спатканні маці з сынам, зняволеным у крэпасці, аб якім даслала яму запіску Вера Богадухоўская.

Гэтыя дзве справы ён лічыў за адну трэцюю справу. І чацвертая справа — была справа сектантаў, якіх высылалі ад сваіх сем‘яў на Каўказ за тое, што яны чыталі і тлумачылі евангелле. Ён абяцаў не столькі ім, колькі сабе, зрабіць для высвятлення гэтай справы ўсё, што толькі будзе магчыма.

Пасля свайго апошняга наведвання Масленнікава, асабліва пасля сваёй паездкі ў вёску, Нехлюдаў не так, што парашыў, але ўсёй сваёй істотай адчуў агіднасць да таго свайго асяроддзя, у якім ён жыў дасюль, да таго асяроддзя, дзе гэтак старанна захаваны былі пакуты мільёнаў людзей для забяспечання роскашы і пацех малой колькасці, што людзі гэтага асяроддзя не бачаць, не могуць бачыць гэтых пакут і таму жорсткасці і злачыннасці свайго жыцця. Нехлюдаў цяпер ужо не мог без нацягнутасці і папікання самаго сябе таварышаваць з людзьмі гэтага асяроддзя. А тым часам да гэтага асяроддзя цягнулі яго прывычкі яго ранейшага жыцця, цягнулі і сваяцкія і сяброўскія сувязі і, галоўнае, тое, што для таго, каб зрабіць тое, што цяпер адно займала яго: дапамагчы і Маславай і ўсім тым пакутнікам, якім ён хацеў дапамагчы, ён павінен быў прасіць дапамогі і паслуг у людзей гэтага асяроддзя, не толькі непаважаных, але якія часта выклікалі ў ім абурэнне і пагардлівасць.

Прыехаўшы у Пецербург і спыніўшыся ў сваёй цёткі з матчынага боку, графіні Чарскай, жонкі былога міністра,