вышла тая самай бабулька, у якой геніяльны адвакат здолеў адсудзіць яе маёмасць на карысць дзяльца, які не меў на гэтую маёмасць ніякага права, — гэта ведалі і суддзі, а тым больш ісцец і яго адвакат; але прыдуманы імі ход быў такім, што нельга было не адабраць маёмасць у бабулькі і не аддаць яе дзяльцу. Бабулька была тоўстая жанчына ў прыгожым плацці і з вялікімі кветкамі на капялюшыку. Яна, вышаўшы з дзвярэй, спынілася ў калідоры і, разводзячы тоўстымі кароткімі рукамі, усё паўтарала, звяртаючыся да свайго адваката: „Што-ж гэта будзе? Зрабіце ласку! Што-ж гэта?“ Адвакат глядзеў на кветкі на яе капялюшыку і не слухаў яе, нешта мяркуючы.
Следам за бабулькай з дзвярэй залы грамадзянскага аддзялення, ззяючы пластронам шырока раскрытай камізэлькі і самаздаволеным тварам, шпарка вышаў той самы славуты адвакат, які зрабіў так, што бабулька з кветкамі асталася без усяго, а дзялец, які даў яму 10 тысяч рублёў, атрымаў больш 100 тысяч. Погляды ўсіх звярнуліся на адваката, і ён адчуваў гэта, і ўсім выглядам сваім нібы гаварыў: „не трэба ніякіх праяў адданасці“, і хутка прайшоў міма ўсіх.
VII
Нарэшце прыехаў і Мацвей Нікіціч, і судовы прыстаў, худы чалавек з доўгай шыяй і хадой на бок і таксама на бок высунутай ніжняй губой, увайшоў у пакой прысяжных.
Судовы прыстаў гэты быў сумленны чалавек, з універсітэцкай адукацыяй, але нідзе не мог утрымацца на месцы, бо піў запоем. Тры месяцы перад гэтым адна графіня, якая спрыяла яго жонцы, знайшла яму гэта месца, і ён дагэтуль трымаўся на ім і радаваўся гэтаму.
— Што-ж, панове, пазбіраліся ўсе? — сказаў ён, надзяваючы pince-nez і гледзячы праз яго.
— Усе, здаецца, — сказаў вясёлы купец.
— Вось праверым, — сказаў судовы прыстаў і, дастаўшы з кішэні ліст, пачаў пераклікаць, паглядаючы на прысутных то поверх pince-nez, то скрозь яго.
— Стацкі советнік І. М. Нікіфараў.