— Кізеветэр? Вось прыходзь сёння. Ты і даведаешся, хто ён такі. Ён гэтак гаворыць, што самыя закаранелыя злачынцы кідаюцца на калені і плачуць і каюцца.
Графіня Кацярына Іванаўна, як гэта ні дзіўна было і як гэта не адпавядала яе характару, была гарачая прыхільніца таго вучэння, па якому лічылася, што сутнасць хрысціянства заключаецца ў веры ў збавенне ад грахоў. Яна ездзіла на сходы, дзе прапаведвалася гэта моднае тады вучэнне, і збірала ў сябе яго прыхільнікаў. Не гледзячы на тое, што гэта вучэнне адмаўляла не толькі ўсе абрады, абразы, але і таінствы, у графіні Кацярыны Іванаўны ва ўсіх пакоях і нават над яе ложкам, былі абразы, і яна выконвала ўсё, што патрабавала царква, не бачачы ў гэтым ніякіх супярэчнасцей.
— Вось, каб твая Магдаліна паслухала яго, яна-бы паверыла, — сказала графіня. — А ты абавязкова будзь дома ўвечары. Ты пачуеш яго. Гэта дзіўны чалавек.
— Мне гэта нецікава, ma tante.
— А я табе кажу, што цікава. І ты абавязкова прыязджай. Ну, кажы, што табе яшчэ ад мяне трэба? Videz votre sac[1].
— А яшчэ справа ў крэпасці.
— У крэпасці? Ну, туды я магу даць табе запіску да барона Крыгсмута. C‘est un trés brave homme[2]. Але ты сам яго ведаеш. Ён твайму бацьку таварыш. Il donne dans le spiritisme[3]. Але гэта нічога. Ён добры. Што-ж табе там трэба?
— Трэба прасіць аб тым, каб дазволілі спатканне маці з сынам, які там сядзіць. Але мне казалі, што гэта не ад Крыгсмута залежыць, а ад Чэрвянскага.
— Чэрвянскага я не люблю, але гэта муж Mariette. Можна яе папрасіць. Яна зробіць для мяне. Elle est très gentillè[4].
— Трэба прасіць яшчэ аб адной жанчыне. Яна сядзіць некалькі месяцаў, і ніхто не ведае завошта.