ваны, хаця і вельмі самаўпэўнены чалавек, які ледзь-ледзь падымаўся ў сваіх поглядах да ўзроўню перадавых артыкулаў самых пошлых кансерватыўных газет. Выявілася, што ў ім нічога не было выдатнага ў параўнанні з іншымі малаадукаванымі, самаўпэўненымі чыноўнікамі, якія яго выцеснілі, і ён сам зразумеў гэта, але гэта зусім не паслабіла яго перакананняў аб тым, што ён павінен кожны год атрымліваць вялікую колькасць дзяржаўных грошай і новыя аздабленні для свайго прыгожага адзення. Гэта перакананне было гэткім сільным, што ніхто не мог наважыцца адмовіць яму ў гэтым, і ён атрымліваў кожны год, часткова ў выглядзе пенсіі, часткова ўзнагароды за членства ў вышэйшай дзяржаўнай установе і за старшынства ў розных камісіях, камітэтах, некалькі дзесяткаў тысяч рублёў і, звыш таго, высока цанімыя ім штогод новыя правы на нашыўку новых галуноў на свае плечы або панталоны і нападдзяванне пад фрак новых істужачак і эмалевых зорак. З прычыны гэтага ў графа Івана Міхайлавіча былі вялікія сувязі.
Граф Іван Міхайлавіч выслухаў Нехлюдава так, як ён, бывала, выслухоўваў даклады кіраўніка спраў, і, выслухаўшы, сказаў, што ён дасць яму дзве запіскі — адну да сенатара Вольфа, касацыйнага дэпартамента.
— Гавораць пра яго рознае, але dans tous les cas c‘est un homme trés comme il faut[1], — сказаў ён. — І ён зробіць для мяне, што можа.
Другую запіску граф Іван Міхайлавіч даў да асобы, якая мела ўплыў у камісіі прашэнняў. Справа Фядос‘і Біруковай, як яе расказаў яму Нехлюдаў, вельмі зацікавіла яго. Калі Нехлюдаў сказаў яму, што ён хацеў пісаць ліст да імператаршы, ён сказаў, што сапраўды гэта справа вельмі жаласлівая, і можна было, калі падвернецца выпадак, расказаць гэта там. Але абяцаць ён не мог. Хай прашэнне пойдзе сваім парадкам. А калі будзе выпадак, падумаў ён, калі паклічуць на petit comité[2] у чацвер, ён, магчыма, скажа.