і падобны да англічаніна кучар з бакенбардамі да паловы шчок, у ліўрэі, з пугай і ганарлівым выглядам сядзеў на козлах.
Швейцар у надзвычайна чыстым мундзіры адчыніў дзверы ў сенцы, дзе стаяў у яшчэ больш чыстай ліўрэі з галунамі выязны лёкай з цудоўна расчосанымі бакенбардамі і дзяжурны веставы салдат з штыхом, апрануты ў новы чысты мундзір.
— Генерал не прыймаюць. Генеральша таксама. Яны зараз едуць.
Нехлюдаў падаў ліст графіні Кацярыны Іванаўны і, дастаўшы картачку, падышоў да століка, на якім ляжала кніга для запісаў наведвальнікаў, і пачаў пісаць, што вельмі шкадуе, што не застаў, як лёкай пасунуўся да сходняў, швейцар вышаў на пад‘езд, крыкнуўшы „падавай!“, а веставы, выцягнуўшы рукі па швах, застыў сустракаючы і праводзячы вачыма невысокую тоненькую пані, якая ішла па сходнях хуткай, не адпаведнай яе важнасці хадой.
Mariette была ў вялікім чорным капелюшы з пяром і ў чорным плацці, у чорнай накідцы і ў новых чорных пальчатках; твар яе быў закрыты вуалем.
Убачыўшы Нехлюдава, яна падняла вуаль, адкрыла вельмі прыемны твар з бліскучымі вачыма і запытальна зірнула на яго.
— А, князь Дзмітрый Іванавіч! — вясёлым, прыемным голасам вымавіла яна. — Я-б пазнала…
— Як, вы нават памятаеце, як маё імя?
— Як-жа, мы з сястрой нават у вас закаханы былі, — пачала гаварыць яна па-французску. — Але як вы змяніліся. Ах, які жаль, што я ад‘язджаю. Але-ж, хадзем назад, — сказала яна, спыняючыся ў нерашучасці.
Яна зірнула на насценны гадзіннік.
— Не, нельга. Я на паніхіду еду да Каменскай. Яна ў вялікай роспачы.
— А што гэта Каменская?
— Хіба вы не чулі?.. Яе сын забіты на дуэлі. Страляліся з Позенам. Адзіны сын. Жах. Маці ў такой роспачы.
— Але, я чуў.