Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/279

Гэта старонка не была вычытаная

XVI

Успамінаючы ўсмешку, якой ён памяняўся з Mariette, Нехлюдаў паківаў на сябе галавою.

„Не паспееш азірнуцца, як уцягнешся зноў у гэта жыццё“, — падумаў ён, адчуваючы тую раздвоенасць і сумненні, якія ў ім выклікала неабходнасць прыстасоўвання да людзей, якіх ён не паважаў. Абмеркаваўшы, куды раней, куды пасля ехаць, каб не вяртацца, Нехлюдаў перш накіраваўся ў сенат; яго праводзілі ў канцылярыю, дзе ён у пышным памяшканні ўбачыў вялікую колькасць надзвычайна пачцівых і чыстых чыноўнікаў.

Прашэнне Маславай было атрымана і перададзена на разгледжанне і даклад таму самому сенатару Вольфу, да якога ў яго быў ліст ад дзядзькі, сказалі Нехлюдаву чыноўнікі.

— Паседжанне-ж сената будзе на гэтым тыдні, і справа Маславай напэўна не пападзе на гэта паседжанне. Калі-ж папрасіць, дык можна спадзявацца, што пусцяць і на гэтым тыдні, у сераду, — сказаў адзін.

У канцылярыі сената, дзе Нехлюдаў чакаў, пакуль рабілі даведку, ён пачуў зноў размову аб дуэлі і падрабязны расказ аб тым, як забілі маладога Каменскага. Тут ён упершыню пачуў падрабязнасці гэтай гісторыі, якой займаўся ўвесь Пецербург. Справа была ў тым, што афіцэры елі ў краме вустрыцы і, як заўсёды, багата пілі. Адзін сказаў нешта адмоўнае аб палку, у якім служыў Каменскі; Каменскі назваў яго хлусам. Той ударыў Каменскага. На другі дзень страляліся, і Каменскаму трапіла куля ў жывот, і ён памёр праз дзве гадзіны. Забойца і секунданты арыштаваны, але, як гавораць, хаця іх і пасадзілі на гауптвахту, іх выпусцяць праз два тыдні.

З канцылярыі сената Нехлюдаў паехаў у камісію прашэнняў да ўплывовага ў ёй чыноўніка, барона Вараб‘ёва, які займаў раскошнае памяшканне ў дзяржаўным доме. Швейцар і лёкай абвясцілі сурова Нехлюдаву, што бачыць барона нельга, апрача прыймовых дзён, што ён сёння ў гасудара імператара, а заўтра зноў даклад. Нехлюдаў перадаў ліст і паехаў да сенатара Вольфа.