прагоніць яго з дому і вырачацца яго. Сын не толькі не выправіўся, але зрабіў яшчэ 1000 рублёў доўгу і дазволіў сабе сказаць бацьку, што яму і так дома жыць мучэнне. І тады Валадзімір Васільевіч сказаў сыну, што ён можа ісці, куды хоча, што ён не сын яму. З таго часу Владзімір Васільевіч рабіў выгляд, што ў яго няма сына, і ўсе блізкія баяліся гаварыць яму пра сына, і Владзімір Васільевіч быў цалкам упэўнен, што ён найлепшым чынам пабудаваў сваё сямейнае жыццё.
Вольф з ласкавай і крыху глумлівай усмешкай, — гэта была яго прывычка: мімавольная праява разумення сваёй камільфотнай перавагі над большасцю людзей — спыніўшы сваю праходку па габінеце, паздароўкаўся з Нехлюдавым і прачытаў запіску.
— Прашу, калі ласка, сядайце, а мне даруйце. Я буду хадзіць, калі дазволіце, — сказаў ён, заклаўшы рукі ў кішэні сваёй курткі і ступаючы лёгкімі мяккімі крокамі па дыяганалі вялікага, у вытрыманым стылі, габінета. — Вельмі рад з вамі пазнаёміцца і, само сабой, зрабіць прыемнае графу Івану Міхайлавічу, — гаварыў ён, выпускаючы араматны блакітнаваты дым і асцярожна адносячы цыгару ад рота, каб не скінуць попел.
— Я толькі папрасіў-бы аб тым, каб справа слухалася, як мага хутчэй, таму што калі падсуднай давядзецца ехаць у Сібір, дык ехаць раней, — сказаў Нехлюдаў.
— Але, але, з першымі параходамі з Ніжняга, ведаю, — сказаў Вольф з сваёй спагадлівай усмешкай, заўсёды ўсё ведаючы наперад, што толькі пачыналі яму гаварыць. — Як прозвішча падсуднай?
— Маслава…
Вольф падышоў да стала і зірнуў на паперу, якая ляжала на кардоне з справамі. — Так, так, Маслава. Добра, я папрашу таварышоў. Мы выслухаем справу ў сераду.
— Магу я так тэлеграфаваць адвакату?
— А ў вас адвакат? Навошта гэта? Але калі вы хочаце, што-ж.
— Повады да касацыі могуць быць недастатковымі, — сказаў Нехлюдаў, — але з справы, я думаю, відаць, што абвінавачванне зроблена ў выніку непаразумення.