Старонка:Васкрасенне (1937).pdf/282

Гэта старонка не была вычытаная

— Але, але, гэта можа быць, але сенат не можа разглядаць справу па сутнасці, — сказаў Владзімір Васільевіч сурова, гледзячы на попел. — Сенат сочыць толькі за правільнасцю прымянення закона і тлумачэння яго.

— Гэта, мне здаецца, выключны выпадак.

— Ведаю, ведаю. Усе выпадкі выключныя. Мы зробім, што трэба. Вось і ўсё. — Попел усё яшчэ трымаўся, але ў попеле зрабілася шчыліна, і яму пагражала небяспека. — А вы ў Пецербургу рэдка бываеце? — сказаў Вольф, трымаючы цыгарку так, каб попел не ўпаў. Попел усё-такі задрыжэў, і Вольф асцярожна паднёс яго да попельніцы, куды ён і зваліўся. — А якое жахлівае здарэнне з Каменскім, — сказаў ён. — Цудоўны малады чалавек. Адзін сын. Асабліва матчына становішча, — гаварыў ён, паўтараючы амаль слова ў слова ўсё тое, што ўсе ў Пецербургу гаварылі ў гэты час пра Каменскага.

Пагаварыўшы яшчэ аб графіні Кацярыне Іванаўне і яе захапленні новым рэлігійным напрамкам, які Владзімір Васільевіч не ганіў і не апраўдваў, але які пры яго камільфотнасці, відавочна, быў для яго непатрэбным, ён пазваніў.

Нехлюдаў пакланіўся.

— Калі вам зручна, прыходзьце абедаць, — сказаў Вольф, працягваючы руку, — хаця ў сераду. Я і адказ вам дам станоўчы.

Было ўжо позна, і Нехлюдаў паехаў дамоў, г. зн. да цёткі.


XVII

Абедалі ў графіні Кацярыны Іванаўны а палове восьмай, і абед падаваўся па-новаму, яшчэ нябачанаму Нехлюдавым, спосабу. Стравы ставіліся на стол, і лёкаі адразу-ж адыходзілі, так што ўсе самі бралі сабе стравы. Мужчыны не дазвалялі дамам утрудняць сябе залішнімі рухамі і, як сільны пол, неслі мужна ўвесь цяжар накладання дамам і сабе страў і налівання напіткаў. Калі-ж адну страву з‘ядалі, графіня націскала ў стале пугаўку электрычнага званка, і лёкаі бязгучна ўваходзілі, хутка прыбіралі, зменьвалі прыборы і прыносілі наступную страву.