началеных, сподкам па аркушы паперы. Тонкія, вільготныя, слабыя пальцы мастака былі ўстаўлены ў шорсткія, маршчыністыя і акасцянеўшыя ў сучляненнях пальцы старога генерала, і гэтыя сучляненні рукі торгаліся разам з перакінутым сподкам па лісту паперы з намаляванымі на ім усімі літарамі альфабэта. Сподак адказваў на заданае генералам пытанне аб тым, як будуць душы пазнаваць адна адну пасля смерці.
У той час, калі адзін з дзеншчыкоў, які выконваў абавязкі камердынера, увайшоў з картачкай Нехлюдава, пры дапамозе сподка гаварыла душа Іоанны д‘Арк. Душа Іоанны д‘Арк ужо сказала па літарах словы: „будуць пазнаваць адна адну“, і гэта было запісана. У той самы час, калі прышоў дзяншчык, сподак, спыніўшыся яшчэ раз на, „п“, другі раз на „о“ і потым, дайшоўшы да „с“, спыніўся на гэтай літары і пачаў торгацца туды і сюды. Торгаўся ён таму, што наступная літара, па думцы генерала, павінна была быць „л“, г. зн. Іоанна д‘Арк, па яго думцы, павінна была сказаць, што душы будуць пазнаваць адна адну толькі пасля свайго ачышчэння ад усяго зямнога або што-небудзь падобнае, і таму наступная літара павінна быць „л“, мастак-жа думаў, што наступная літара будзе „в“, што душа скажа, што потым душы будуць пазнаваць адна адну па святлу, якое будзе ісці з эфірнага цела душ. Генерал, панура нахмурыўшы свае густыя сівыя брові, пільна глядзеў на рукі, думаючы, што сподак рухаецца сам, цягнуў яго да „л“. Малады-ж бяскроўны мастак з закладзенымі за вуха рэдкімі валасамі глядзеў у цёмны кут гасцінай сваімі амярцвелымі блакітнымі вачыма і, нервова варушачы губамі, цягнуў да „в“. Генерал паморшчыўся таму, што перапынялі яго занятак, і пасля мінуты маўчання ўзяў картачку, надзеў pince-nez і, закрактаўшы ад болю ў шырокай паясніцы, устаў на ўвесь свой вялікі рост, паціраючы свае здранцвелыя пальцы.
— Запрасі ў габінет.
— Дазвольце, ваша прэвасхадзіцельства, я адзін скончу, — сказаў мастак, устаючы. — Я адчуваю прысутнасць.
— Добра, канчайце, — сказаў рашуча і сурова генерал і