Пачалася справа па скарзе на прысуд судовай палаты, якая пакінула без змен пастанову акруговага суда.
Нехлюдаў пачаў слухаць і стараўся зразумець значэнне таго, што адбывалася перад ім, але таксама, як і ў акруговым судзе, галоўная цяжкасць для разумення была ў тым, што гаворка ішла не пра тое, што натуральна здавалася галоўным, а пра зусім пабочнае. Справа ішла пра артыкул у газеце, у якім выкрываліся шальмоўствы аднаго старшыні акцыянернай кампаніі. Здавалася-б, значным магло быць толькі тое, ці праўда, што старшыня акцыянернага таварыства абкрадвае сваіх давярыцеляў, і як зрабіць так, каб ён перастаў іх абкрадваць. Але аб гэтым і гаворкі не было. Гаворка ішла толькі аб тым, меў ці не меў па закону выдавец права надрукаваць артыкул фельетаніста, і якое ён зрабіў злачынства, надрукаваўшы яго, — дыфамацыю або паклёп, і як дыфамацыя ўключае ў сябе паклёп ці паклёп дыфамацыю, і яшчэ нешта мала зразумелае для простых людзей аб розных артыкулах і пастановах нейкага агульнага дэпартамента.
Адно, што зразумеў Нехлюдаў, гэта было тое, што, не гледзячы на тое, што Вольф, які дакладваў аб справе, так строга навучаў учора яго, што сенат не можа займацца разгляданнем справы па сутнасці, — у гэтай справе дакладваў, відавочна, на карысць касіравання прысуду палаты, і што Селенін, зусім не адпаведна сваёй характэрнай стрыманасці, нечакана горача выказваў сваю процілеглую думку. Запал заўсёды стрыманага Селеніна, які здзівіў Нехлюдава, быў абгрутаваны тым, што ён ведаў старшыню акцыянернага таварыства, як нячыстага ў грашовых справах чалавека, а тым часам выпадкова даведаўся, што Вольф напярэдадні разглядання яго справы быў у гэтага дзяльца на багатым абедзе. Цяпер-жа, калі Вольф, хаця і вельмі асцярожна, але відавочна аднабакова зрабіў даклад аб справе, Селенін расхваляваўся і занадта нервова для звычайнага чалавека выказаў сваю думку. Прамова гэта, відавочна, зняважыла Вольфа: ён чырванеў, уздрыгваў, рабіў маўклівыя жэсты здзіўлення і з вельмі паважным і пакрыўджаным выглядам вышаў з іншымі сенатарамі ў пакой для нарад.