І ён жаніўся таксама пераважна таму, што, адмовіўшыся, ён зняважыў-бы, зрабіў-бы балюча і нявесце, якая жадала гэтага шлюбу, і тым, хто рабіў гэты шлюб, і таму, што жаніцьба на маладой, прыгожай, знатнай дзяўчыне ільсціла яго ганарыстасці і была прыемнай. Але жаніцьба вельмі хутка аказалася яшчэ больш „не тым“, як служба і прыдворная пасада. Пасля першага дзіцяці жонка не захацела больш мець дзяцей і пачала весці багатае свецкае жыццё, у якім і ён воляй ці няволяй мусіў браць удзел. Яна не была асабліва прыгожай, была вернай яму, і, здавалася, не гаворачы ўжо пра тое, што яна гэтым атручвала жыццё мужу, — і сама нічога, апрача страшэнных намаганняў і стомы, не атрымлівала ад гэткага жыцця, — яна ўсё-ж такі старанна вяла яго. Усякія спробы яго змяніць гэта жыццё разбіваліся, як аб каменны мур, аб яе ўпэўненасць, што так трэба, якую падтрымлівалі яе сваякі і знаёмыя.
Дзіця, дзяўчынка з залацістымі доўгімі кудзеркамі і голымі нагамі, была істота, зусім чужая бацьку, асабліва таму, што яна выхоўвалася зусім не так, як ён хацеў гэтага. Муж і жонка, як і звычайна, не разумелі і нават не жадалі разумець адзін аднаго і ціха, маўкліва, хаваючыся ад старонніх, абмежаваныя правіламі прыстойнасці, змагаліся, што рабіла яго жыццё дома дужа цяжкім. Так што сямейнае жыццё зрабілася яшчэ больш „не тым“, як служба і прыдворнае прызначэнне.
Але больш за ўсё „не тым“ былі яго дачыненні да рэлігіі. Як і ўсе людзі яго асяроддзя і часу, ён без усякага намагання разарваў сваім разумовым ростам тыя сеці рэлігійных забабонаў, у якіх ён быў выхаваны, і сам не ведаў, калі іменна ён вызваліўся. Як чалавек сур‘ёзны і сумленны, ён не хаваў гэтай сваёй незалежнасці ад забабонаў афіцыйнай рэлігіі ў часы першай маладосці, студэнцтва і збліжэння з Нехлюдавым. Але з гадамі і з павышэннем яго на службе і асабліва з рэакцыяй кансерватызма, якая наступіла ў той час у грамадстве, гэта духоўная незалежнасць пачала перашкаджаць яму. Не гаворачы аб дачыненнях да сваякоў, асабліва пры смерці яго бацькі, паніхідах па ім, і аб тым, што маці яго жадала, каб ён пасціў, і што гэта