і глядзеў зверху ўніз на гэты вузкі, пляшывы чэрап, на гэту з тоўстымі сінімі жылкамі руку, якая хутка вадзіла пяром, і здзіўляўся, навошта рабіць тое, што ён робіць, і гэтак заклапочана робіць гэты да ўсяго, відавочна, абыякавы чалавек. Навошта?..
— Дык вось, — сказаў Тапароў, запячатваючы канверт, — скажыце гэта вашым кліентам, — дадаў ён, падціскаючы губы накшталт усмешкі.
— Завошта-ж гэтыя людзі пакутавалі? — сказаў Нехлюдаў, беручы канверт.
Тапароў падняў галаву і ўсміхнуўся, як быццам пытанне Нехлюдава было для яго прыемным.
— Гэта я вам не магу сказаць. Магу сказаць толькі тое, што інтарэсы народу, якія мы ахоўваем, такія важныя, што залішняя дбайнасць да пытанняў рэлігіі не гэткая страшная і шкодная, як пашыраная цяпер абыякавасць да іх.
— Але якім-жа чынам у імя рэлігіі парушаюцца самыя першыя патрабаванні дабра — разлучаюцца сем‘і…
Тапароў усё таксама выбачна ўсміхаўся, відавочна знаходзячы мілым тое, што гаварыў Нехлюдаў. Што-б ні сказаў Нехлюдаў, Тапароў усё знайшоў-бы мілым і аднабаковым з вышыні таго, як ён думаў, шырокага дзяржаўнага становішча, на якім ён стаяў.
— З пункту гледжання прыватнага чалавека гэта можа ўяўляцца так, — сказаў ён, — але з дзяржаўнага пункту гледжання ўяўляецца некалькі іначай. Аднак, маё шанаванне, — сказаў Тапароў, нахіляючы галаву і працягваючы руку.
Нехлюдаў паціснуў яе і моўчкі, паспешна пайшоў, шкадуючы, што ён паціснуў гэту руку.
„Інтарэсы народу, — паўтарыў ён словы Тапарова. — Твае інтарэсы, толькі твае“, — думаў ён, выходзячы ад Тапарова.
І ў думках прабегшы па ўсіх асобах, на якіх выяўлялася дзейнасць устаноў, што аднаўляюць справядлівасць, падтрымліваюць веру і выхоўваюць народ, — ад бабы, пакаранай за беспатэнтны гандаль віном, і хлопца за зладзейства, і валацугу за бадзянне, і банкіра за раскраданне, і падпальніка за падпал, і тут-жа гэту няшчасную Лідзію за тое толькі, што ад яе можна было атрымаць патрэбныя весткі,